Іна Мікалайчык: Мяне збівалі міліцыянты, вербаваў КДБ, але я ўцякла


Ахвяра катаванняў з боку праваахоўнікаў Іна Мікалайчык распавяла ў «Гарачым каментары» пра жахлівыя моманты ў міліцэйскім пастарунку.

У красавіку 2010 года былая берасцейская праваабаронца Іна Мікалайчык звярнулася ў міліцыю ў якасці пацярпелай. У выніку ж яе самую затрымалі і арыштавалі нібы за ілжывы данос. Дзяўчыну пасадзілі на 3 содняў у ізалятар часовага ўтрымання, а пазней «прыплялі» яшчэ іншую справу і яшчэ 3 дні трымалі берасцейку за кратамі.

{movie}Іна Мікалайчык у “Гарачым каментары” |right|9070{/movie}

Міліцыянты ўвесь гэты час здзекаваліся з дзяўчыны, брутальна збівалі, парвалі ёй вопратку, дапрошвалі ў любы час і цікавалі, калі тая хадзіла ў прыбіральню. «Мне рабілі «ластаўку»: закоўвалі рукі і клалі на табурэт, пасля чаго я не адчувала пальцаў на руках і ўвогуле рук. Не хочацца, каб паўтараліся такія прыклады», – прызналася дзяўчына.

Прычым збівала менавіта жанчына – следчая Сцепанюк. Аднак, як заўважыла пацярпелая, мужчыны таксама не адчувалі да яе літасці: «Мяне дапрошваў аператыўны работнік Васіленка, які называў мяне «с*укаю» ды «тупарылаю авечкаю», выдыхаў цыгарэтны дым у твар, хоць ведаў, што я не палю, і патрабаваў падпісаць чысты ліст паперы».

Пазней міліцыянты нават самі прызналіся, дадала госця «Белсату», што самі напішуць на чыстым аркушы патрэбныя ім сведчанні. Іна Мікалайчык адзначыла, што праваахоўнікі пераследавалі яе менавіта за праваабарончую дзейнасць і абяцалі спыніць катаванні, калі пацярпелая адмовіцца ад яе.

«Праз гэты выпадак я проста ўцякла з Беларусі, пакінуўшы ў Берасці родзічаў і ўсю маёмасць. Мяне вербавала КДБ, і калі мяне прымушалі да супрацы, я больш не змагла», – прызналася актывістка. Паводле яе, самае страшнае ў беларускай міліцэйскай сістэме – што ад яе можа пацярпець кожны і ў любы час.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў