Бародка: Міліцыянты ледзь не цэлымі аддзеламі з’язджаюць у Расею


Ці сапраўды Менск – адная з самых крымінагенных сталіцаў Еўропы і як уплывае на злачыннасць сітуацыя ў сілавых структурах?

Беларусь – сусветная лідарка ў колькасці сілавікоў на душу насельніцтва. Аднак нягледзячы на гэта Менск трапіў у спіс самых небяспечных гарадоў свету. Паводле звестак Упраўлення ААН ў справе наркотыкаў і злачынстваў (the United office on drugs and crime), беларуская сталіца – самы крымінагенны пасля Таліну горад у Еўропе (5,7 наўмысных забойстваў на 100 тыс. чалавек супраць 7,3). Тут Менск “дагнаў і перагнаў Амерыку”: у Нью-Ёрку паказнік складае 5,6.

{movie}Зміцер Бародка ў “Гарачым каментары”|right|9067{/movie}Адзін з заснавальнікаў “Беларускага дома ў Варшаве”, палітуцякач Зміцер Бародка, доўгі час пражыў у Барысаве (яго лічылі крымінальным цэнтрам Беларусі) і Менску. У эфіры “Гарачага каментара” ён сказаў, што беларускую сталіцу ўсё ж цяжка назваць крымінагеннаю. Небяспечныя раёны ёсць у любым горадзе, мяркуе ён. Цяпер якраз у такім (Прага-Поўнач) ён і жыве ў польскай сталіцы. Тут, паводле Бародкі, часам здараюцца разборкі ў стылі “Барысаў а-ля 1990-ыя”.

Госць праграмы мяркуе, што на ўзровень злачыннасці ў Менску ўплывае адкрытасць расейскай мяжы: “Нядаўна з’явілася інфармацыя, што ў Маскве каранавалі беларускіх злачынцаў у законе”. Паводле Бародкі, “дзякуючы” адкрытай мяжы ў Беларусь не толькі трапляюць крымінальнікі, з яе з’язджаюць праваахоўнікі: “Я ведаю прыклады, калі міліцыянты з’язджаюць ледзь не цэлымі аддзеламі на працу ў Расею”. Прычына гэтага – нізкія заробкі ды татальны кантроль з боку іншых сілавікоў, канкурэнцыя паміж КДБ і МУС.

Людзі ў пагонах арыентуюцца на Расею таксама таму, што скончылі там навучальныя ўстановы, маюць сяброў і знаёмых. Аляксандр Лукашэнка баіцца, што сілавікі будуць арыентавацца на загады з Масквы, адзначае Зміцер Бародка.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў