Акцыя салідарнасці ад будынку КДБ перанеслася да Чырвонага касцёлу


Ёсць затрыманыя. Карэспандэнта “Рускай службы навінаў” Уладзіміра Чудзянцова павезлі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску.

Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі ля будынку КДБ у Менску працягвалася меней за гадзіну. Пасля таго, як прысутных разагналі працаўнікі праваахоўных органаў, акцыя перанеслася да Чырвонага касцёлу. Да яе далучаліся людзі, якія выходзілі пасля заканчэння набажэнства. Яны ставілі знічкі – на знак салідарнасці.

Яшчэ ля будынку КДБ затрымалі карэспандэнта “Рускай службы навінаў” Уладзіміра Чудзянцова. Ён паведаміў рэдакцыі пры дапамозе сэрвісу ICQ, што яго вязуць у РУЎС Цэнтральнага раёна горада.

18:45

Працаўнікі праваахоўных органаў разагналі тых, што прыйшоў на акцыю салідарнасці. Як паведамілі „Белсату” яе ўдзельнікі, нешматлікасць выкліканая пачуццём страху ў грамадстве, а таксама адсутнасцю інфармацыі ў дзяржаўных СМІ.

Маладзён, які праходзіў міма, пацікавіўся ў журналістаў, чаму перад будынкам КДБ сабраліся людзі, і быў вельмі здзіўлены, пачуўшы, колькі людзей сядзіць у ізалятары. Ён быў упэўнены, што ўдзельнікаў акцыі пратэсту 19 снежня даўно адпусцілі дахаты. Паводле яго, гэтак жа думаюць і ўсе ягоныя знаёмыя.

18:30
Яшчэ каля дзясятка чалавек з партрэтамі зняволеных хацелі падыйсці да будынку з боку праезнай часткі, але іх затрымалі міліцыянты. Праз рацыю перадалі загад узяць маладога чалавека ў белай масцы, у якога вырвалі партрэт Аляксандра Атрошчанкава.

18:20
Да Дар’і Атрошчанкавай далучыўся маладзён у белай масцы з партрэтам Аляксандра Атрошчанкава. “Ёсць шэраг умоваў: я студэнт і потым хацеў бы мець магчымасць хадзіць па вуліцы з адкрытым тварам. Так, я рызыкую, але што ж рабіць? Я неабыякавы да тых, хто там сядзіць”. Аднак да маладзёна падбег чалавек у цывільным і забраў яго.

18:15
Паводле інфармацыі „Белсату”, людзей, якія накіроўваліся на акцыю з боку гатэлю „Менск”, пачалі затрымліваць.

18.00
Зараз ля будынку КДБ сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку журналісты.

Дар’я Корсак, жонка Аляксандра Атрошчанкава, прэсавага сакратара Андрэя Саннікава, трымае ў руках партрэт мужа. Ці не баіцца жанчына стаяць тут адна? “15 дзён у параўнанні з 15 гадамі – гэта дробязь”, – адказала Дар’я.

Сярод удзельнікаў акцыі – хатняя гаспадыня з дзіцём, якая спадзяецца, што сёння палітвязняў выпусцяць на волю. Асабліва яна перажывае за Ірыну Халіп, якую дома чакае маленькі сын.

belsat.eu

Стужка навінаў