Агнешка Рамашэўская-Гузы атрымала ўзнагароду «Еўрапеец года-2013»


https://youtu.be/player_embedded&v
Дырэктарку тэлеканалу «Белсат» узнагародзілі званнем «Еўрапеец года-2013», якое ўручае еўрапейскае выданне міжнароднага часопісу «Reader’s Digest».

Часопіс выдае такую прэмію з 1996 года. Лаўрэаты – асобы, дзейнасць якіх «служыць паляпшэнню лёсу іншых людзей, выходзіць па-за межы стандартнай і адпавядае гуманістычным вартасцям». Дагэтуль такую ўзнагароду атрымалі 18 асобаў, сярод іх Пэтэр Айгэн (Peter Eigen) – заснавальнік «Transparency International», Шыман Панэк (Simon Pánek) – заснавальнік чэшскай арганізацыі «Людзі ў бядзе», расейскі дзіцячы лекар Леанід Рашаль, стваральнік аперацыйнай сістэмы «Linux» Лінэс Бэнэдыкт Торвалдс (Linus Benedict Torvalds).{movie}Агнешка Рамашэўская-Гузы атрымала ўзнагароду «Еўрапеец года-2013»|left|9060{/movie}

Уручаючы ўзнагароду, галоўны рэдактар міжнароднага часопісу «Reader’s Digest» Райма Мойса (Raimo Moysa) сказаў, што, калі 30 гадоў таму ён быў журналістам лакальнай газеты, пазнаёміўся з маладою польскаю сям’ёй, якая вярталася са Стакгольму. Яны везлі адтуль найноўшую мадэль пішучай машынкі. Маладая жанчына баялася, што машынку сканфіскуюць на мяжы. Паводле рэдактара, калі выбіралі лаўрэата, яму згадалася гэтая гісторыя і тое, як важнае слова і распаўсюд інфармацыі ў будаванні дэмакратыі.

Агнешка Рамашэўская-Гузы падкрэсліла, што гэтая ўзнагарода – не толькі для яе, але і для ўсяго «Белсату». Яна ўзгадала словы расейскага дысідэнта і добрага знаёмага ейных бацькоў Уладзіміра Букоўскага, які сказаў, што лепш фінансаваць дзейнасць апазіцыі, чым пазней выдаткоўваць грошы на бамбардыроўшчыкі «В-2» і ліквідаваць наступствы іх прымянення. Лаўрэатка выказала спадзеў, што гэтая ўзнагарода дапаможа «Белсату» выйсці на еўрапейскі форум, дзе першае незалежнае беларускае тэлебачанне зможа змагацца за далейшае існаванне.

Прадстаўнік польскага МЗС Ян Цісэк (Jan Cisek) ад імя міністра замежных справаў павіншаваў Агнешку Рамашэўскую-Гузы ды падкрэсліў, што Польшча ўзяла на сябе абавязак падтрымання еўрапейскіх памкненняў беларускага грамадства, якое – неад’емная частка Еўропы. Прыкладам такога падтрымання можа быць рэалізацыя палітыкі Усходняга Партнёрства, а таксама праца «Белсату».

«Reader’s Digest» заснавалі ў 1922 годзе ў ЗША як часопіс, што перадрукоўвае самыя цікавыя матэрыялы з лакальнай прэсы ўсяго свету. Агульны наклад усіх версіяў часопісу складае 17 млн экзэмпляраў, якія распаўсюджваюцца ў 70 краінах, у тым ліку ў 25 еўрапейскіх.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары