Працоўная эміграцыя – чорная дзіра і ўзлётная паласа


Паводле Белстату, з Беларусі з’яжджаюць не больш як 5 тысяч асобаў на год. Аднак незалежныя эксперты прыйшлі да высновы, што часовых ці сталых эмігрантаў ажно ў 30 разоў больш.

Такім чынам, штогод Беларусь пакідае амаль 3 % насельніцтва, збольшага працаздольныя і актыўныя людзі. Шмат хто – з вышэйшаю адукацыяй, прафесіяналы, якія не знайшлі ўмоваў для рэалізацыі на Радзіме. Чыноўнікі праблемы не бачаць. Наадварот, хваляцца неверагодна нізкім паказнікам беспрацоўя [усяго паўадсотка!], адмаўляючы структурны, кадравы і фінансавы крызіс рынку працы.

Цягнік на Маскву

Беларусы маюць не надта шмат варыянтаў для выбару «лепшай» краіны. Для працы ў Еўропе патрэбныя віза і дазвол, у краінах СНД часта справы яшчэ горш, чымся дома. Калі не лічыць прывабнай у грашовым плане Масквы ды іншых вялікіх расейскіх гарадоў.



«Пасля крызісу 2009 года фінансавы рынак Беларусі ледзь дыхаў, таму на прапанову сябра я вырашыўся на ад’езд у Маскву. Ехаў з думкаю: «калі што, вярнуся, дарога займае ўсяго 8 гадзінаў», – распавядае Сяргей, які пераехаў ва ўсходнюю сталіцу тры гады таму. Але з часам Сяргей уцягнуўся ў працу, кар’ера пайшла ўгару. Апроч відавочна большага заробку, яму даспадобы тутэйшы рытм працы: «У Менску няма такой аператыўнасці ў працы заказчыкаў і дастаўнікаў, няма такой свабоды прыватнага сектару».

Эканаміст Анатоль Злотнікаў мяркуе, што працоўная міграцыя тоіць у сабе патэнцыял пераўтварыцца ў масавую, бо ў беларусаў у Расейскай Федэрацыі няма праблемаў з юрыдычным статусам, і пры наяўнасці працы яны трывала замацоўваюцца ў замежжы.

«Міграцыйная палітыка Расеі разглядае расейскамоўнае насельніцтва постсавецкіх дзяржаваў як важнейшую дэмаграфічную крыніцу. І тут нацыянальныя дэмаграфічныя інтарэсы Беларусі ды РФ не супадаюць», – зазначыў адмысловец у інтэрв’ю газеце «Обозреватель».



Месца пад еўрапейскім сонцам

Намагаюцца зарабіць нашыя суайчыннікі і на Захадзе: у ЗША, Нямеччыне, Вялікай Брытаніі ды інш. Тыя з беларусаў, якія адшукалі магчымасць легалізавацца ў Еўропе, не спяшаюцца вяртацца дамоў. Хоць і не выключаюць, што калісьці разгледзяць гэты варыянт сур’ёзна.



Пасля атрымання чэшскага дыплому Паліна нават не шукала працу ў Беларусі: «Дома шмат непатрэбнай барацьбы, калі намагаешся рабіць нешта сваё. Да таго ж я атрымліваю ўнікальны досвед, які ў Беларусі недасяжны. Вучуся павазе да самой сябе. Нам гэтага вельмі не стае. Мы ніколі не вырашым свае праблемы, калі не навучымся паважаць сябе ды іншых».



Пра беларусаў кажуць, што яны інтэгруюцца ў чужую культуру і нацыю вельмі хутка. Ужо ў другім пакаленні дзеці лічаць сябе амерыканцамі, палякамі, немцамі, не валодаюць расейскай моваю (не кажучы пра беларускую). Але, на думку Паліны, за мяжою наадварот мацней адчуваеш сваю нацыянальную ідэнтычнасць. «Я пачала цікавіцца Беларуссю, толькі калі з’ехала. Упарта тлумачу замежнікам, дзе гэтая краіна месціцца», – дзеліцца Паліна.

А як у іх?

Пытанне працоўнай эміграцыі востра стаіць не толькі ў Беларусі. Значна больш вострым яно стала для Літвы, якая – першая ў Еўразвязе паводле колькасці эмігрантаў. За дзесяць гадоў краіну пакінула каля 12 % насельніцтва, а вярнулася пакуль не больш за два адсоткі.

«Маладыя людзі яшчэ не маюць моцных сацыяльных сувязяў, не стварылі сем’яў, таму ім прасцей рэалізаваць свае мары. Яны хутчэй знаходзяць сувязі за мяжою, таму ад’езд моладзі звязаны з рэальнаю пагрозаю, што яны эмігруюць назаўжды», – тлумачыць «Delfi» кіраўнічка Віленскага офісу Міжнароднай міграцыйнай арганізацыі Аўдра Сіпавічыене (Audra Sipavičienė).



Гэтак зрабіў Повілас, які абраў Швецыю з прычыны бясплатнай адукацыі. «Я вырашыў адвучыцца ў Ётэборзе, бо заранёў думаў пра працаўладкаванне. У якой краіне я б ні шукаў працу, заходнееўрапейскі дыплом будзе цаніцца болей, чым літоўскі, асабліва ўмаёй галіне – біяінжынерыі», – распавядае хлопец.

Адваротны квіток

На жаль, адной настальгіі замала, каб памяняць уладкаванае жыццё за мяжою на нявызначаную будучыню на радзіме. З гэтым пагаджаюцца нашыя суразмоўцы.

«Я не выключаю, што вярнуся ў Літву. Але для гэтага мне патрэбная прывабная працоўная прапанова паводле маёй дастаткова вузкай спецыяльнасці», – зазначае Повілас.

Сяргей плануе атрымаць расейскі від на жыхарства, але пра атрыманне расейскага грамадзянства аднак пакуль не задумваецца. «Я паставіў сабе за мэту: не вярнуся ў Беларусь, пакуль не зараблю на нерухомасць у абедзвюх сталіцах», – дзеліцца ён.

У Паліны іншая лакмусавая паперка да вяртання: «Мяне пужае слова «эмігрант». Вярнуся, як толькі скончыцца змаганне з ветракамі».

Масавая працоўная эміграцыя звязаная з неспрыяльным палітычным, эканамічным ці ваенным становішчам. Аднак гісторыя і сучаснасць падаюць шмат прыкладаў, калі праца аднаго чалавека за мяжою дапамагае сям’і выжыць. Паводле паказніку аб’ёму грашовых пераводаў можна меркаваць пра краіны, з якіх выязджае найбольш гастарбайтараў. Больш за ўсё пераводаў афармляюць у Індыю (за 2010 год – агулам $ 55 млрд ), Кітай ($ 51 млрд) і

Мексіку ($ 22,6 млрд).

Станоўчым прыкладам стала гісторыя Ірландыі. Падчас Вялікага голаду ХІХ стагоддзя з краіны выехала каля 20–25 % насельніцтва, большасць з якіх пасяліліся ў Амерыцы. Аднак ірландцы не растварыліся сярод амерыканцаў, а захавалі сваю адметнасць. У 90-х гадах ХХ стагоддзя вяртанне «ўнукаў эмігрантаў», а таксама прыём грамадзянаў іншых краінаў стала адным з фактараў буйнога эканамічнага ўздыму Ірландыі.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў