Апазіцыя падрыхтавала правілы сумленных выбараў


https://youtu.be/zBHkY_Qt_qo
Пакуль улады думаюць над зменамі ў выбарчым заканадаўстве, апазіцыя прапаноўвае свой варыянт паправак. Шэраг грамадскіх і палітычных структураў узгаднілі законапраект і ўжо накіравалі яго ва ўрад, кіраўніку краіны, а таксама дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Што прапаноўвае апазіцыя і ці варта разлічваць, што да яе прапановаў прыслухаюцца?

{movie}Правілы сумленных выбараў?|right|9046{/movie}
Новы дакумент, які можна ахарактарызаваць як збор правілаў сумленных выбараў, мае зрабіць працэс абрання органаў улады больш адкрытым і справядлівым. Прынамсі, так лічаць ініцыятары дакументу – рух “За свабоду” і яго падпісанты – ініцыятыва “Гавары праўду!”, партыя “Справядлівы свет”, БНФ і шэраг іншых грамадскіх аб’яднанняў.

ЮРАСЬ ГУБАРЭВІЧ, РУХ «ЗА СВАБОДУ»:
“Мы звяртаем увагу на тры асноўныя моманты, перш за ўсё гэта пашырэнне правоў партыяў у фармаванні выбарчых камісіяў усіх ўзроўняў. На нашую думку, тыя палітычныя партыі, якія заявілі пра ўдзел у выбарчай кампаніі, маюць карыстацца першасным правам дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у склад камісіяў”.

Партыйных прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, паводле новага дакументу, мусяць прымаць безумоўна! Апрача гэтага яго палажэнні пашыраюць правы назіральнікаў і рэгулююць правілы датэрміновага галасавання, якое заўсёды выклікае шмат нараканняў з боку айчынных і міжнародных назіральнікаў і вядома ж, апанентаў уладаў.

АЛЯКСЕЙ ЯНУКЕВІЧ, ЛІДАР ПАРТЫІ БНФ:
“Мы прапаноўваем магчымасць датэрміновага галасавання паводле папярэдняй заяўкі, гэта самая галоўная ўмова, якая мусіць быць”.

Але пры ўсім гэтым…

АЛЯКСЕЙ ЯНУКЕВІЧ, ЛІДАР ПАРТЫІ БНФ:
“Мы абсалютна даем сабе справаздачу, што верагоднасць сённяшнімі ўладамі прыняцця тых нашых прапановаў – яна вельмі малая”.

Таму і ёсць другі, ці не менш важны адрасат дакументу. мяркуюць падпісанты. Гэта грамадства, якое таксама мае ведаць, што ёсць альтэрнатыўны погляд на спосабы вядзення палітыкі ў краіне.

Але ці ў рэальных умовах, калі нават кіраўнік Беларусі заяўляў, што ўмешваўся ў падлік галасоў, а за краты трапілі ды дагэтуль застаюцца за імі кандыдаты на прэзідэнта, варта звяртацца да ўладаў з прапановаю… праводзіць сумленныя выбары?

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:
“Сённяшні рэжым не дапусціць ніякага ўплыву на жыццёва важныя для яго галіны палітычнага, грамадскага і эканамічнага жыцця. І ў гэтым сэнсе, канечне, дыялогу з грамадзянскаю супольнасцю і палітычнаю апазіцыяй пра выбарчы працэс не будзе – пакуль існуюць гэтыя ўлады”.

Аднак змены ў выбарчых законах, хутчэй за ўсё, адбудуцца. Пра ўдасканальванне заканадаўства ў гэтай галіне напярэдадні заяўляў Аляксандр Лукашэнка. Толькі згодна з папярэднімі звесткамі, адкарэктаваныя законы будуць больш нагадваць захады, адваротныя тым, што прапанавала апазіцыя. Пры гэтым улады кансультавацца з кім-небудзь не маюць ні намеру, ні жадання.

Кірыл Смяглікаў, “Аб’ектыў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары