Карупцыя пад бокам у Лукашэнкі


Карупцыйны скандал на самым высокім дзяржаўным узроўні набірае абароты. Аляксандр Лукашэнка прызнаў крымінальную дзейнасць у Кіраўніцтве справамі прэзідэнта.

Хоць напярэдадні і следчыя, і прадстаўнікі адміністрацыі абвяргалі інфармацыю пра арышт працаўнікоў гэтай структуры. Выглядае, што службовыя асобы не наважыліся сказаць нічога, пакуль не выкажацца сам прэзідэнт. Што ж менавіта адбываецца?

{movie}Карупцыя пад бокам у Лукашэнкі (07.02.2013) |right|9045{/movie}

Ці можна ў такое паверыць? Карупцыя ў самым блізкім атачэнні кіраўніка дзяржавы! Кажучы пра тое, што адбываецца ў Кіраўніцтве справамі прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка выглядаў сёння не толькі абураным, але і шчыра здзіўленым.

Але нягледзячы на дэманстраваныя эмоцыі, інфармацыя дазавалася сціпла. Не пацвердзіў і не зняпраўдзіў Лукашэнка інфармацыі пра хатні арышт кіраўніка справамі прэзідэнта Мікалая Корбута і пра спробу самагубства ягонага намесніка, пра што напярэдадні паведамілі незалежныя медыі. Але хоць прозвішчы вінаватых так і не прагучалі з ягоных вуснаў, кіраўнік краіны прызнаў: крымінал быў, а справы дайшлі аж да следчага ізалятара.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:

“Адбываюцца невытлумачальныя, я гэта мякка кажу, маніпуляцыі эканамічнымі паказчыкамі. Больш за тое, выкрываюцца наўпроставыя фінансавыя парушэнні, якія становяцца прадметам разгляду з пазіцыі ўжо Крымінальнага кодэксу”.

Сённяшні разгром і чысткі напярэдадні сталіся найперш вынікам прызначэння кіраўніком справамі прэзідэнта Віктара Шэймана. Пра ролю чалавека, які амаль дваццаць гадоў аддана выконваў усе загады Лукашэнкі, кажуць і палітолагі…

ЮРЫЙ ЧАВУСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:

“Постаць Віктара Шэймана – гэта асоба, якая карыстаецца персанальным, вялізным даверам кіраўніка беларускай дзяржавы”.

…і палітыкі. Асабліва тыя, хто ведае Лукашэнку з самага пачатку ягонай палітычнай кар’еры, і былі знаёмыя таксама з ягоным атачэннем. Таму неафіцыйныя звесткі пра тое, што пачаткам дзейнасці былога генпракурора і дзяржсакратара на новай пасадзе сталася яго дакладная запіска аб парушэннях пры будаўніцтве беларускіх аб’ектаў у Сочы, яны лічаць імавернымі. Але гэта, відаць, толькі пачатак мэтанакіраванай “дзейнасці” Шэймана.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, ЛІДАР АГП:

“Прагназую, што мы яшчэ сутыкнемся з такою з’яваю, як антыкарупцыйная кампанія ў гэтым ведамстве. Але гэта не будзе барацьба з карупцыяй! Гэта будзе барацьба за распіл грошай падаткаплатнікаў”.

Тым больш, як адзначаюць аналітыкі, апошні час некаторыя прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта сапраўды спрабавалі размяркоўваць фінансавыя плыні не зусім туды, куды хацелася самому Лукашэнку. І гэта сапраўды магло здзівіць прэзідэнта. Як і…

ЮРЫЙ ЧАВУСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:

“…недазволенае “крышаванне”. І ў прынцыпе пасля сыходу з пасады кіраўніка Уладзіміра Макея праблемы з Адміністрацыяй сталі вельмі і вельмі вялікія”.

І вырашаць іх мусіў сам Лукашэнка – таму ягонаму здзіўленню з нагоды таго, што адбывалася ў ягонай жа гаспадарцы, верыць асабліва не выпадае. Пагатоў, цяперашні скандал у Кіраўніцтве справамі далёка не першы. Дарэчы, стаўленне кіраўніка краіны да кожнага з іх было даволі нестандартнае. Пакараную турмою Галіну Жураўкову прэзідэнт памілаваў, а ейнаму папярэдніку, які вырашыў схавацца ў Расеі, выставіў рахунак. Без суда і следства…

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, ЛІДАР АГП:

“Аляксандр Лукашэнка, напрыклад, так рэагаваў на кіраўніка справамі Івана Ціцянкова: хай верне ў казну 20 мільёнаў долараў. Гэта было сказана публічна! Але ніякіх мільёнаў ён не вярнуў. Мала таго, Ціцянкова ніхто не прыцягваў да адказнасці”.

Цяпер сітуацыя паўтараецца. 19 гадоў Лукашэнка, самы сумленны прэзідэнт, не можа навесці парадку нават ва ўласнай гаспадарцы. Ці дапаможа ў гэтым цяпер ветэран Афганістану, танкіст Шэйман? Першыя ягоныя дзеянні прывялі да сапраўднага землятрусу на Карла Маркса, 38. І паводле неафіцыйных звестак, амаль да смяротных ахвяраў…

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў