Віталь Рымашэўскі: Пісаць лісты Лукашэнку не мае сэнсу


Шэраг прадстаўнікоў апазіцыі ды грамадскіх арганізацыяў узгаднілі прапановы і дадаткі да зменаў у выбарчым кодэксе. Праект дакументу накіруюць кіраўніку дзяржавы ды ў шэраг урадавых установаў.



Апазіцыйныя актывісты выступаюць за ўключэнне ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў палітычных партыяў, якія бяруць удзел у выбарах, патрабуюць пашырыць правы назіральнікаў, забяспечыць сапраўды празрысты падлік галасоў і супрацьдзеяць прымусоваму датэрміноваму галасаванню.

{movie}Віталь Рымашэўскі ў “Гарачым каментары” |right|9034{/movie}

Экс-кандыдат на прэзідэнцтва і адзін з лідараў аргкамітэту стварэння партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі мяркуе, што апеляцыі да ўладаў і лісты Лукашэнку ды Ярмошынай з патрабаваннямі зменаў не маюць ніякага сэнсу: “Калі мы напішам Аляксандру Лукашэнку, то гэтак без прымусу прызнаем законным ягонае прэзідэнцтва”. Паводле палітыка, змяніць выбарчае заканадаўства ў Беларусі можа толькі шырокі ўдзел грамадства: “Трэба, каб людзі ведалі, якім чынам фальсіфікуюцца выбары, а зразумела, што ў гэтым кірунку не ўсё яшчэ зроблена”.

Ся́бры БХД намагаюцца інфармаваць насельніцтва пра парушэнні падчас выбараў і збіраюць подпісы ў інтэрнэце за змены ў выбарчым кодэксе. “Подпісы на сайце – гэта адзіная магчымая на сёння форма волевыяўлення людзей. Такім чынам людзі далучаюцца да дзеянняў апазіцыі, гэта першы крок”, – адзначыў былы кандыдат на прэзідэнцтва.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў