У Нямеччыне затрымалі дэмакратычнага актывіста Ігара Коктыша


Паводле мясцовай паліцыі, намесніка старшыні “Звязу для дэмакратыі ў Беларусі” затрымалі па запыту беларускага боку. Пад час затрымання ён даведаўся, што беларускія ўлады ўнеслі яго ў спіс вышукі Інтэрполу.



Як паведаміў Коктыш “Белсату”, ён ехаў да сястры ў Берлін, калі ў цягнік зайшла паліцыя і праверыла дакументы ў падарожнікаў. У яго пры сабе быў польскі від на жыхарства і падарожны дакумент, на дадзены момант актывіст знаходзіцца ў паліцэйскім пастарунку. Коктыш ня ведае, што дакладна яму інкрымінуецца, бо не валодае нямецкай у добрым узроўню, а перакладчыка на пастарунку няма. З паліцыянтам размаўляе ягоная сястра.

Малады чалавек звязвае сваё затрыманне з пераследам з боку беларускіх уладаў. Летась, падобным чынам у варшаўскім аэрапорце быў затрыманы экс-кандыдат на прэзідэнта Алесь Міхалевіч. Падставаю затрымання таксама стаў запыт з Беларусі, але праз некалькі гадзінаў, палітыка адпусцілі.

У студзені 2001 года Ігара Коктыша звінавацілі ў забойстве сваяка блізкага сябра, аднак праз 10 месяцаў, якія той правёў у баранавіцкім СІЗА, абвінавачанні былі знятыя. Калі пракуратура апратэставала рашэнне суда, Коктыш быў ва Украіне, дзе яго затрымалі мясцовыя праваахоўнікі. Яго меліся выдаць беларускім уладам, аднак у лістападзе 2009 Amnesty International прызнала яго вязнем сумлення, звязваючы ягоны пераслед з помстай за актыўнае падтрыманне Аляксандра Мілінкевіча пад час прэзідэнцкіх выбараў-2006. Пасля вызвалення, ён атрымаў палітчыны прытулак ў Польшчы, дзе і заставаўся да гэтага часу.

У.Ш.,belsat.eu

Стужка навінаў