Людзі ў цывільным сарвалі прэзентацыю кнігі Някляева


Прэзентацыя твору «Менскі раман. Аўтамат з газіроўкай. З сіропам і без» мелася адбыцца на польскім стэндзе ХХ Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Аднак невядомыя людзі ў цывільным пагрозамі спынілі прэзентацыю.

Калі старшыня ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч падчас прэзентацыі пачаў расказваць пра Някляева, у гэты момант да яго падышоў чалавек, узяў за руку і прапанаваў адысці для гутаркі. Незнаёмец сказаў, што імпрэза незапланаваная і што ён дае «5 хвілінаў на роздум». Хадановіч вярнуўся і перадаў гэта Някляеву.

Аўтар стаў расказваць пра сваю кнігу. Ён паведаміў, што гэта не дакументальны раман, а мастацкая проза пра 60-ыя гады, пра жыццё маладых творчых людзей у Менску. Пасля гэтага той самы чалавек зноў папрасіў спадара Хадановіча адысці. Калі Уладзімір Някляеў убачыў гэта, то заявіў, што «гэта ўжо становіцца небяспечным», і прапанаваў спыніць прэзентацыю ды разысціся.

Тым не менш усе ахвотныя змаглі пагутарыць са спадаром Някляевым і ўзяць у яго аўтографы на асобніках раману. Аўтограф-сесія прайшла ў атачэнні людзей у цывільным.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў