У Берасці пачалі выдаваць "Мужыцкую праўду"


Актывісты моладзевай ініцыятывы «Грунт» распаўсюдзілі колькі соцень асобнікаў газеты «Мужыцкая праўда», што выдалі да юбілею паўстання 1863 года. Акцыя адбывалася ля Берасцейскага ўніверсітэту. Яе спыніў працаўнік аховы ўстановы.

Актывісты раздалі ўжо значную частку накладу газеты, калі да іх падышоў ахоўнік і прапанаваў сысці ў іншае месца. Ён патлумачыў, што мае інструкцыі начальства, якія забараняюць раздаваць улёткі і газеты каля ўніверсітэту.

Паводле кіраўніка ініцыятывы «Грунт» Віктара Клімуса, інцыдэнт з ахоўнікам акцыі не сарваў: «Мы ўжо распаўсюдзілі большасць асобнікаў сярод моладзі, бо менавіта для моладзі і выдавалі гэтую газету найперш. Таму ахоўнік нам не зашкодзіў».

Спадар Клімус мяркуе, што ў Беларусі ўшанаванне паўстання Каліноўскага мусіць быць галоўнаю падзеяй гэтага года. Таму яны і пастанавілі распавесці пра яго ў «Мужыцкай праўдзе», якой сёлета плануюць выдаць 7 нумароў. На яе старонках можна прачытаць і пра падзеі, звязаныя з паўстаннем, на Берасцейшчыне.

«Мужыцкую праўду» выдаваў Кастусь Каліноўскі напярэдадні паўстання. Газету, якая заклікала сялянства да барацьбы супраць расейскай акупацыі, разносілі па вёсках.

Сёлета адзначаюць 150-ыя ўгодкі паўстання Каліноўскага. У студзені ў Беларусі прайшла навуковая канферэнцыя, на якой дзяржаўныя ідэолагі назвалі Кастуся Каліноўскага экстрэмістам і хуліганам, які «глыбока ненавідзеў беларускі народ».

Кастусь Будчак, АК, belsat.eu

Стужка навінаў