Януковіч выбірае Еўропу?


Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч наведаў з афіцыйным візітам не Маскву, а Вільню. Ці сведчыць ягоная паездка пра нарэшце зроблены выбар галоўнага хаўрусніка?

Падчас сустрэчы са сваім украінскім калегам прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце (Dalia Grybauskaitė) заявіла, што Еўразвяз гатовы падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з Украінаю, калі тая канкрэтнымі дзеяннямі пакажа, што здольная жыць і функцыянаваць як еўрапейская дзяржава.

Літва і Польшча лабіруюць заключэнне пагаднення з Украінаю перад большасцю заходнееўрапейскіх краінаў, якія не спяшаюцца прымаць яе ў свае абдымкі. Рада замежных справаў ЕЗ высунула 19 пунктаў патрабаванняў да Украіны, якія стаяць на шляху больш шчыльнай супрацы. Найважнейшая пастаўленая ўмова – спыненне палітызацыі дзейнасці судоў. Хоць канкрэтных імёнаў спіс не змяшчае, відавочна, што ідзецца найперш пра перагляд справаў былой прэм’еркі Юліі Цімашэнкі ды экс-міністра ўнутраных справаў краіны Юрыя Луцэнкі.

Гэты тэзіс падкрэсліла сёння і кіраўніца Літоўскай Рэспублікі: «Хада палітычных працэсаў мае вырашальнае значэнне для дачыненняў ЕЗ і Украіны. Выбарная справядлівасць абцяжарвае дыялог з краінай і фармуе негатыўны палітычны кантэкст. Ад здольнасці Украіны развязаць гэтыя праблемы залежыць магчымасць заключыць пагадненне аб асацыяцыі».

Візіт Віктара Януковіча ў Літву папярэднічае заўтрашняй сустрэчы камісара ЕЗ ў пытаннях пашырэння Штэфана Фюле з кіраўніцтвам вонкавапалітычнага ведамства Украіны. А на люты запланаваны саміт Украіна–Еўразвяз, які мае адбыцца ў Бруселі.

Міністр замежных справаў Леанід Кажара запэўнівае, што сур’ёзных перашкодаў для еўраінтэграцыі няма: «Мы пачулі пазітыўныя сігналы, і пераважная большасць была станоўча настроеная адносна падпісання пагаднення».

Аднак Еўразвяз чакае ад Украіны найперш выканання «хатняга задання», на што кіраўніцтву вылучылі час да канца гэтага месяца. «Брусель гатовы ўхваляць змены да лепшага ўнутры краіны, але заплюшчваць вочы на нявыкананыя патрабаванні ён не будзе. Крокі насустрач патрэбныя з абодвух бакоў, а не толькі з боку Еўропы», – сказаў «Белсату» палітолаг Віціс Юрконіс (Vytis Jurkonis).

Заманлівыя перспектывы ад Усходу

Адначасова кіраўніцтва краіны абяцае эканамічнае ды палітычнае збліжэнне і сваім усходнім суседзям, якія шчыра чакаюць Украіну ў шэрагу дзяржаваў Мытнага саюзу. Летась украінскі ўрад і Еўразійская эканамічная камісія падпісалі мемарандумы аб супрацы ў пытаннях гандлю і тэхнічнага ўрэгулявання.

Інтэграцыя з усходам была б выгадная Украіне магчымасцю скасаваць мыты на ўвязенне тавараў, найперш нафты і нафтапрадуктаў, і магчымасцю выгандляваць у Расеі меншыя кошты на імпарт газу. Асабіста Януковічу пагадненне з МЗ стала б запамогаю расейскага падтрымання на выбарах-2015.

Сваё вырашэнне ўкраінскага пытання прапанаваў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ў снежні перад Клубам рэдактараў краінаў СНД, Балтыі ды Грузіі: «Мы хочам, каб вы былі з намі. Не трэба нікуды ўваходзіць, не трэба з вашага боку нейкіх платаў за гэта, але вы атрымаеце вялікую выгаду».

Аднак пакуль Украіна аддае перавагу нясмелай супрацы ў гэтак званым фармаце «3+1», быццам асцерагаючыся негатыўнай рэакцыі Бруселю на крокі да інтэграцыі з нядобранадзейнымі Расеяй, Беларуссю і Казахстанам.

На думку палітолага Юрконіса, Украіну наўрад ці чакае лёс Беларусі, пакуль яна здольная пазбегнуць поўнай залежнасці ад Масквы: «Мы можам рабіць некаторыя паралелі між дыпламатычнымі сітуацыямі ў Беларусі ды Украіне, але ўсё адно напаўненні палітычных рэжымаў вельмі розныя. У той час, як ва Украіне адзначаюцца частковыя зрухі ў бок дэмакратыі, на беларускай палітычнай арэне ніякай дынамікі не назіраецца».

Дылема застаецца

Януковіч і Грыбаўскайце ў Вільні.Януковіч і Грыбаўскайце ў Вільні.Нягледзячы на абяцанні лідараў Мытнага саюзу, кіраўніцтва Украіны, як ладная нявеста, не спяшаецца спыніць выбар на кімсьці адным.

Здавалася б, для Януковіча, які не раз дэманстраваў прарасейскія настроі, адказ відавочны. Але пакуль ён не зусім давярае плану, які запрапанавала Масква. Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што для Украіны больш бяспечным шляхам стала б не ўступленне ў МЗ, а будаванне газавага рынку менавіта на еўрапейскіх прынцыпах.

«Украінскі бок ужо сутыкаецца з агульнаеўрапейскімі праблемамі ў газавай сферы, а менавіта – складанасцямі з продажам, неапраўдана высокімі коштамі. Таму неабходна вырашаць гэтыя задачы ў супрацы з Еўразвязам, што дазволіць пазбегнуць манапалізацыі газавага рынку», – тлумачыць Аляксандр Маліноўскі, аўтар выдання «Люстра тыдня».

Пуцін жа ў сваю чаргу праяўляе нецярплівасць у сувязі з запаволеннем у вызначэнні геапалітычных прыярытэтаў. На мінулым тыдні «Газпром» запатрабаваў ад Украіны $ 7 млрд за недабраны паводле ўмовы газ.

Знакавым стала скасаванне Януковічам запланаванай на снежань 2012 года сустрэчы з расейскім лідарам Уладзімірам Пуціным. Цяпер яе перанеслі на нявызначаны тэрмін. Між тым афіцыйнае спатканне ўкраінскага лідара з кіраўніцтвам Літвы адбылося, не за гарамі і далейшыя сумесныя мерапрыемствы пад патранажам Бруселю.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў