Мікола Статкевіч: Тры даносы самага «хрысціянскага» кандыдата


«Цяпер жарсці суцішыліся, ніякіх палітычных кампаній не плануецца і можна пагаварыць пра тыя падзеі. А пагаварыць варта, бо чаго каштуюць толькі паводзіны самага «хрысціянскага» кандыдата. У маёй судовай справе было тры даносы ад яго – на мяне (зробленыя да выбараў), на Дзіму Уса і на ўсіх удзельнікаў Плошчы (зробленыя падчас следства)», – напісаў у чарговым лісце на волю палітвязень Мікалай Статкевіч.

Сустаршыня аргкамітэту стварэння Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ды экс-кандыдат на прэзідэнта Віталь Рымашэўскі ў інтэрв’ю беларускім медыям гэтую інфармацыю зняпраўджвае.

Мікалай Статкевіч у сваім лісце гаворыць пра тое, што трэба прааналізаваць падзеі, звязаныя з выбарамі-2010. «У норму і намі ўводзяцца баязлівасць, здрада і данос на паплечнікаў. Тая частка грамадства, якая не ўспрымае такіх «нормаў», і ад якой цяпер залежыць лёс нашай краіны, адвернецца ад такіх «лідараў», партыяў і ад усёй апазіцыі. Мы не можам наняць масавы рух пераменаў за грошы. Прыцягваць людзей у яго можна толькі, апелюючы да ідэалаў. Але ж тады трэба тым ідэалам адпавядаць. Учынкамі, а не словамі», – напісаў у лісце палітык.

Першы «разбор палётаў»

Апазіцыйныя палітыкі ўжо абмяркоўвалі заду прэзідэнцкай кампаніі. Фота belsat.euАпазіцыйныя палітыкі ўжо абмяркоўвалі хаду прэзідэнцкай кампаніі. Фота belsat.euЛідары беларускай апазіцыі ўжо сустракаліся для таго, каб абмеркаваць палітычныя падзеі ў 2010 і, сярод іншага, хаду прэзідэнцкай кампаніі. Віталь Рымашэўскі заявіў тады, што на Плошчы трэба было «браць ініцыятыву на сябе». «Вельмі вялікую памылку мы здзейснілі, што ў гэтых умовах не вызначылі свайго сцэнара», – сказаў Рымашэўскі.

Пазней у інтэрв’ю «Белсату» экс-кандыдат на прэзідэнта Уладзімір Някляеў заявіў, што да Плошчы апазіцыя падрыхтавалася: былі намёты, рэзервовая машына з гукаапаратураю, былі палявыя кухні ды запас харчоў. «Гэта не дапамагло. Але магло б дапамагчы ў тым выпадку, калі б з боку рэжыму была хоць нейкая думка пра тое, што са сваім народам, які выйшаў на Плошчу, можна дамаўляцца. А гэтага ад пачатку не было», – заявіў палітык.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў