Гамяльчук просіць уладаў дазволіць яму размаляваць помнік Леніну


Апазіцыянер Кастусь Жукоўскі звярнуўся з адкрытым лістом да начальніка ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гомельскага гарвыканкаму з незвычайнаю просьбаю. Актывіст просіць даць яму дазвол размаляваць статую Леніна ў цэнтры гораду.

Такая ідэя нарадзілася ў заяўніка пасля таго, як ён пабачыў на гомельскіх вуліцах Пралетарскай і Кірава дамы, помнікі гісторыі, але пры гэтым размаляваныя. «Усё так ярка і прыгожа, у адпаведнасці з законам аб ахове гістарычнай і архітэктурнай спадчыны. Вядома, навошта нам шэрая сцяна? Замалюем – і будзе прыгожа! Трэба, мусіць, размаляваць увесь горад. Напэўна, дазвол уладаў ёсць. А іншы дом, помнік гісторыі, наогул знесці можна – месца прывабнае для інвестараў, і пабудаваць маналітны дом на дзесяць паверхаў. Колькі грошай дзяржава атрымае! Можа, і да рук чыноўнікаў колькі кватэраў прыліпне», – напісаў актывіст у адкрытым лісце.

Спадар Жукоўскі просіць «у мэтах прыцягнення замежных інвестыцыяў і турыстаў» выкарыстаць навыкі ўладаў расфарбоўвання дамоў на вуліцах Пралетарскай і Кірава» ды дазволіць яму размаляваць «шэры, змрочны, непрыгожы на фоне царквы і парку помнік Леніну». Ён дадаў, што на статуі размешчаная такая ж таблічка, як і на размаляваных дамах: пра тое, што яны – помнікі гісторыі.

Кастусь Жукоўскі абяцае аплаціць усе выдаткі на распрацаванне адпаведнай дакументацыі ды правядзенне працы.

М.Я., паводле spring96.org

Стужка навінаў