Найбуйнейшая ў свеце міграцыя. У Кітаі прадалі рэкордную колькасць квіткоў


Натоўпы на вакзалах, бітвы за месца ў цягніках і незвычайная цісканіна ў вагонах. Сотні мільёнаў кітайцаў выправіліся ў падарожжы, каб прынамсі раз на год наведаць свае родныя дамы.

10 лютага жыхары Кітаю святкуюць надыход Новага года паводле месяцавага календара. Афіцыйна падлічана, што ў святочны перыяд сёлета адбудзецца каля 3,4 млрд паездак усімі відамі транспарту: цягнікамі, аўтобусамі ды самалётамі.

{movie}Кітай. Найбуйнейшая ў свеце міграцыя |right|8995{/movie}

Шмат хто з амаль паўтарамільярднага насельніцтва Кітаю працуе ў вялікіх гарадах за сотні кіламетраў ад сваіх родных мясцінаў. Нацыянальнае «Свята Вясны» – гэта шмат для каго адзіны шанец атрымаць невялікі адпачынак і прынамсі раз на год пабачыць свае сем’і.

Едучы дадому, кітайцы звычайна купляюць вялікую колькасць падарункаў і падарожнічаюць з вялізным багажом, што яшчэ больш ускладняе паездку. І хоць чыгуначныя службы падрыхтавалі на гэты перыяд 358 дадатковых пасажырскіх цягнікоў, часам за месца ў вагонах падарожнікам трэба літаральна змагацца.

Наступны год паводле кітайскага календара будзе пад знакам змяі. Жыхары Кітаю вераць, што менавіта гэты год мае прынесці ім дабрабыт. Паводле іх вераванняў, калі сярод сямейнікаў ёсць хоць адзін, народжаны ў годзе змяі, сям’я ніколі не зведае нястачы. З гэтай прычыны маладыя кітайкі плануюць нарадзіць дзіця ў гэтым годзе. «У годзе змяі я спадзяюся на добрае здароўе, а таксама планую заснаваць сям’ю і нарадзіць дзіця», – кажа менеджарка адной з кітайскіх фірмаў Мяў Сяў Цін.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў