Навушнікі з вібраэлементамі перададуць гук праз косткі чэрапа


Медыягігант «Google» падзяліўся некаторымі тэхнічнымі характарыстыкамі свайго вельмі чаканага прадукту «Google Glass». Акуляры дапоўненай рэчаіснасці будуць мець навушнікі з касцяною праводнасцю.

Гэта значыць, што ў прыладу ўбудаваныя вібраэлементы, які выкарыстоўваюцца для перадавання гуку карыстальніку “праз кантакт з галавою”. Вібрацыі ад акуляраў перадаюцца карыстальніку праз косткі чэрапа ў абыход бубеннай балонкі. Гэты прынцып ужо неаднаразова выкарыстоўваўся ў шмат якіх мадэлях навушнікаў, аднак мала хто спадзяваўся, што «Google» скарыстаецца гэтым распрацаваннем. Рашэнне адметнае тым, што гук застаецца выразны нават у шумных месцах. Аднак ранейшыя прататыпы не выклікалі ажыятажу сярод карыстальнікаў праз нязручнае мацаванне прылады на галаве. «Google Glass» былі прэзентаваныя яшчэ ў чэрвені мінулага года – тады кампанія заявіла, што акуляры дапоўненай рэчаіснасці паступяць у продаж ў 2013 годзе, а каштаваць будуць $ 1,5 тыс.

{movie}Праграма “Dевайс” (04.02.2013) |right|8981{/movie}

БЛІЗКІ ГРЭНД-КАНЬЁН

«Google» быў ньюзмэйкерам на мінулым тыдні не толькі ў галіне гаджэтаў. Кампанія прэзентавала віртуальны тур па Ґрэнд-Каньёне. Працаўнікі сэрвісу «Street View» даследавалі Нацыянальны парк і зрабілі больш за 9 тысяч здымкаў, з якіх атрымаліся маляўнічыя панарамы самага вялікага каньёну. Для стварэння віртуальнага шпацыру кампанія распрацавала адмысловую прыладу «Trekker» – торбу-заплечнік з сістэмаю камераў. Так што, калі пакуль няма часу ці грошай наведаць Ґрэнд-Каньён, дастаткова сесці за камп’ютар і скарыстацца сэрвісам.

РАЗУМНЫ ГАДЗІННІК

Тым часам кампанія «Pebble» паведаміла ўсім спонсарам свайго праекту на рэсурсе «Kickstarter», што аднайменны электронны гадзіннік ўжо можна замовіць. Наручны дэвайс мае зменны інтэрфэйс, які можна пампаваць з сеціва, а галоўная яго мэта – камунікацыя паміж смартфонам і рознымі віртуальнымі праграмамі. Прылада можа таксама паведамляць карыстальніку пра тэлефанаванні ды мэйлы, якія прыйшлі на скрыню ўладальніка. У прыладу ўбудаваны GPS-модуль і экран, зроблены паводле тэхналогіі электроннага атраманту. Вытворцы абяцаюць, што прылада будзе вельмі эканамічная і здолее аўтаномна працаваць 3 дні. Шмат якія адмыслоўцы лічаць, што будучыня менавіта за разумным гадзіннікам, а не за акулярамі, якія стварае «Google».

ПАКІРУЙ АЎТА ГОЛАСАМ

Аўтамабільная кампанія «Honda» абвесціла, што ў мадэлях аўтамабіляў гэтага года з’явіцца падтрыманне галасавых камандаў сэрвісу «Apple Siri». Гэта дазволіць кіроўцам карыстацца смартфонам, не адцягваючы ўвагу ад дарогі, – напрыклад, тэлефанаваць, надыктоўваць СМС-паведамленні ды кіраваць прайграваннем музыкі. Актывацыю галасавога кіравання абяцаюць зрабіць простаю – варта націснуць кнопку галасавога кантролю на стырне, і каманды, што гучаць у мікрафон аўтамабіля, будуць перадавацца на смартфон. Японскі аўтавытворца плануе «завастрыць» пад «Siri» аўтамабілі «Хонда Акорд» і дзве мадэлі люксавай «Acura RLX» і «ILX». Аднак кошту новаўвядзення пакуль не паведамляюць.

Гэтыя тэмы вы можаце паглядзець у праграме «Dэвайс». Іншыя тэмы выпуску:ТЭХНАЗЛЁТ, ЧЭМПІЯНАТ «CALL OF DUTY», МАБІЛЬНЫ РЭКАРДСМЕН. «Dэвайс» – штотыдзень у панядзелак і пятніцу а 19:15 на «Белсаце». Праграма даступная таксама падчас он-лайн трансляцыі.

Кірыл Смяглікаў, belsat.eu

Стужка навінаў