Райвыканкам замовіў вянок для Тадэвуша Касцюшкі


У адрозненні ад Кастуся Каліноўскага, памяць Тадэвуша Касцюшкі чыноўнікі ўшанавалі.

267-ыя ўгодкі нараджэння Тадэвуша Касцюшкі, кіраўніка паўстання 1794 года супраць падзелу Рэчы Паспалітай, адзначылі ў Косаве на Берасцейшчыне.

Там месціцца сядзіба Касцюшкі, куды прыехалі дыпламаты, прадстаўнікі ўладаў, апазіцыі і мясцовыя жыхары. Госці ўсклалі кветкі і вянкі да каменя ў гонар Касцюшкі. Чыноўнікі з Івацэвіцкага райвыканкаму прынеслі вянок з чырвона-зялёнаю стужкаю, што выклікала ажыўленае абмеркаванне сярод прысутных.

Івацэвіцкі дэмакратычны актывіст Аркадзь Курыс разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг. Міліцыянты і праваахоўнікі ў цывільным не зрабілі ніякіх заўваг, і ён прастаяў са сцягам за плячыма да заканчэння ўрачыстасці.

Пасля ўшанавання Тадэвуша Касцюшкі апазіцыянеры, гісторыкі ды мясцовыя жыхары наведалі каталіцкія могілкі ля Косава. Там у 1928 годзе быў усталяваны помнік паўстанцам Кастуся Каліноўскага. Гісторыкі зрабілі кароткія выступы, прысвечаныя гэтай падзеі. Дыпламаты і прадстаўнікі ўладаў на ўшанаванне не прыйшлі.

Сёлета адзначаюцца 150-ыя ўгодкі паўстання Каліноўскага. У студзені ў Беларусі прайшла навуковая канферэнцыя, на якой дзяржаўныя ідэолагі назвалі Кастуся Каліноўскага экстрэмістам і хуліганам, які «глыбока ненавідзеў беларускі народ».

Абедзве акцыі на Берасцейшчыне прайшлі без затрыманняў.

Кастусь Будчак, АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары