Міністр спорту: Спартоўцам не хапае ідэалагічнай матывацыі


Кіраўнік Міністэрства спорту і турызму Аляксандр Шамко выказаўся за ўзмацненне ідэалагічнай працы са спартоўцамі.

Паводле чыноўніка, праца вядзецца фармальна. Тут міністр згадаў “выказванні некаторых гадаванцаў, якія падхопліваюць нашыя гэтак званыя «свядомыя». Відавочна, маюцца на ўвазе словы чэмпіёнкі свету па плаванні, двухразовай срэбранай медалісткі лонданскіх алімпійскіх гульняў Аляксандры Герасімені. Падчас анлайн канферэнцыі на старонцы “Прэсболу” яна падзялілася, што бел-чырвона-белы сцяг для яе значна бліжэйшы, як з эстэтычнага гледзішча, так і з гістарычнага.

“Ідэалагічная праца – эфектыўны сродак яднання сілаў для дасягнення пастаўленай мэты. Тут неабходныя не толькі веды, але і вызначаны ўзровень асабістай культуры”, – мяркуе Шамко. Міністр лічыць, што слабая ідэалагічная матывацыя стала адною з прычынаў няўдалага выступу алімпійскай каманды ў Лондане, дзе свае задачы выканалі толькі 38 % спартоўцаў.

Апроч гэтых цэнных выказванняў, на паседжанні калегіі Міністэрства стала вядома, што 80 % беларускіх спартоўцаў не атрымліваюць сучаснай медычнай дапамогі. Паводле галоўнага лекара Магілёўскага абласнога дыспансеру спартовай медыцыны Віктара Рублеўскага, толькі шэсць з 17 дыспансераў маюць кабінеты УЗІ і рэнтгену. Доля людзей пенсійнага ўзросту, якія працуюць у сферы, дасягае 30 % – моладзь не імкнецца ісці ў сферу медабслугоўвання спартоўцаў.

Паслухаўшы даклад лекара, намеснік прэм’ера Анатоль Тозік параіў Рублеўскаму наступным разам больш грунтоўна рыхтавацца да выступу, бо тут ён толькі “нарэзаў задачаў”. Але і віцэ-прэм’ер не выпраменьваў аптымізму: у выпадку непаляпшэння сітуацыі ён прыгразіў “звярнуцца да кіраўніка дзяржавы і ўраду, пасля чаго адбудзецца жорсткае скарачэнне, калі будуць даведзеныя вялікія лічбы, і калі давядзецца ламаць праз калена”.

Відавочна, што нават сярод чыноўнікаў кульгае ідэалагічная матывацыя, хоць застаецца пытаннем, ці адсюль вядуцца ўсе праблемы беларускага спорту, ці, магчыма, з адсутнасці рэформаў, пра якія, між іншым, таксама вялася размова на паседжанні. Гутарка датычна рэформаў падсумавала меркаваннем самога Тозіка, што “рэфармаванне спартовай галіны можа на размовах і скончыцца”.

У.Ш.,belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары