Макей выкрывае парушэнні правоў чалавека ў Еўропе і ЗША


Беларускае МЗС апублікавала даклад «Парушэнні правоў чалавека ў асобных краінах свету ў 2012 годзе». У дакуменце сабраная інфармацыя пра 23 еўрапейскія краіны, а таксама ЗША і Канаду.

«Мэта гэтага дакладу – прыцягнуць увагу да парушэнняў правоў чалавека ў краінах, якія традыцыйна пазіцыянуюць сябе як «развітыя дэмакратыі», прадэманстраваць на канкрэтных фактах незахаванне імі сваіх міжнародных прававых абавязкаў і ўзгадаць пра ахвяры, якія, як правіла, замоўчваюцца і краінамі-парушальніцамі, і міжнароднымі арганізацыямі, што спецыялізуюцца ў сферы правоў чалавека», – паведамляецца ў прадмове Уладзіміра Макея.

Ведамства спадара Макея знайшло ў Еўропе, ЗША і Канадзе факты парушэння практычна ўсіх правоў, зафіксаваных у міжнародных пагадненнях: ад расавай дыскрымінацыі і катаванняў да парушэння права на прыватнае жыццё.

Асабліва «дасталася» краінам-суседкам з Захаду і дзяржавам, што актыўна падтрымліваюць грамадзянскую супольнасць у Беларусі.

Гэтак, Літву беларускае МЗС абвінаваціла ў пераследзе журналістаў ды палітыкаў і нават… у расавай дыскрымінацыі. У прыватнасці гаворка ідзе пра дазвол на правядзенне ў Коўне штогадовай акцыі Літоўскага нацыянальнага саюзу моладзі. «Удзельнікі шэсця раздавалі нацыяналістычныя ўлёткі, падпісаныя 5 сябрамі Сейму. Некаторыя ўдзельнікі шэсця дэманстравалі нацысцкія жэсты», – гаворыцца ў дакладзе.

МЗС сцвярджае, што ў Польшчы цягам 2012 года былі факты катаванняў, злоўжывання свабодаю слова, расавай дыскрымінацыі, злоўжыванні ўладаю з боку паліцыі ды інш. Апроч таго, на думку афіцыйнага Менску, у Польшчы парушаюцца сацыяльныя і эканамічныя правы грамадзянаў: «Эканамічная сітуацыя, што ў Польшчы пагаршаецца, даводзіць людзей да роспачы». У якасці аднаго з аргументаў прыводзіцца інфармацыя пра тое, што ў 2012 годзе на 20 % узрасла колькасць самагубстваў, «у тым ліку на глебе эканамічных праблемаў».

Сітуацыі ў Амерыцы прысвечаныя ажно 4 старонкі дакладу. На думку ўкладальнікаў, у ЗША не захоўваюцца правы на жыццё, мірныя сходы, справядлівы суд і таямніцу прыватнага жыцця. МЗС Беларусі выкрывае разгоны акцыяў пратэсту «Акупуй Ўол-стрыт», арышты журналістаў і гандаль людзьмі. Акрамя таго, «кандыдаты, што бралі ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі, былі пазбаўленыя роўных магчымасцяў удзелу ў выбарах» – заяўляе МЗС.

Швецыю асуджаюць за пераслед заснавальніка «WikiLeaks» Джуліана Асанжа ды за… дыскрымінацыю мужчынаў. «За год амаль на чвэрць павялічылася колькасць зваротаў мужчынаў, што пацярпелі ад сексуальнага гвалту», – гаворыцца ў дакуменце. Аўтары зазначаюць, што пры гэтым урад не паведамляе пра тое, што робіцца, каб змяніць гэтую сітуацыю.

«МЗС як дзіця ў пясочніцы»

Гары Паганяйла, праваабаронца. Фота belsat.euГары Паганяйла, праваабаронца. Фота belsat.euДаклад МЗС Беларусі складзены з выкарыстаннем інфармацыі з дыпламатычных пляцовак і адкрытых крыніцаў – праваабарончых арганізацыяў. Кіраўнік юрыдычнай службы Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла падкрэслівае, што факты ў такіх дакладах – агульнавядомыя, а міністэрства замежных справаў «дарма рабіла лішнюю працу».

«Гэтым таксама пачала займацца Расея і гэты даклад – адказ на жорсткую крытыку з боку заходніх краінаў за факты грубых парушэнняў правоў чалавека, – гаворыць Гары Паганяйла. – Рэакцыя нашага МЗС – гэта як сварка дзяцей у пясочніцы: «Ты дурак! Не, ты дурак!» Адсочванне сітуацыі – гэта суверэннае права кожнай дзяржавы. Але перад тым, як «тыкаць пальцам» у бок іншых краінаў, неабходна навесці хаця б элементарны парадак у сваёй краіне».

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў