Хакейная зборная без найлепшага беларускага гульца за гісторыю НХЛ?


У сувязі з няяўкаю ў прызначаны час на трэнавальны збор без важкіх прычынаў з Нацыянальнай хакейнай зборнай адлічылі нападніка Андрэя Касціцына.

У выніку існуе пагроза таго, што ён не трапіць з камандаю на кваліфікацыйны алімпійскі турнір у Данію, дзе з 7 лютага беларусы будуць змагацца за пуцёўку на Алімпіяду ў Сочы.

«Хакеіст быў 2 дні ў Беларусі, аднак не патлумачыў прычыны сваёй няяўкі ды не паставіў у вядомасць трэнавальны штаб зборнай», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Федэрацыі хакею Беларусі.

Андрэй Касціцын – адзін з самых вядомых беларускіх хакеістаў, падчас сваёй кар’еры ў НХЛ ён стаўся самым выніковым беларускім гульцом. За нацыянальную зборную выступае з 2002 года, у 2008-м яго прызналі найлепшым хакеістам Беларусі.

Касціцына могуць вярнуць

На 4 лютага ў беларускай зборнай запланаваны таварыскі матч з Францыяй. Гэты двубой каманда правядзе без Касціцына.

«Гэтая гульня па-сутнасці нічога не вырашае і можа адбыцца без Касціцына, – гаворыць спартовы аглядальнік «Белсату» Алесь Пуціла. – Тым не менш хакеіста могуць і вярнуць, бо нельга так проста пакінуць зборную без аднаго з асноўных форвардаў напярэдадні кваліфікацыйнага турніру».

Наш спартовы аглядальнік не выключае, што пастанова трэнавальнага штабу вывесці Касціцына са стану зборнай можа быць прадыктаваная спробаю ўзмацніць дысцыпліну. Тым больш, у выпадку з Касціцыным гэта не першы непрыемны інцыдэнт: летась хакеіста з Наваполцку, калі той гуляў за «Нэшвіл Прэдатарз» («Nashville Predators»), не дапусцілі да двубою з «Фінікс Коёўтс» («Phoenix Coyotes»), бо ў ноч перад гульнёй яго і яшчэ аднаго хакеіста заўважылі ў начным клубе.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары