У менскім гей-клубе міліцыя затрымала прыкладна 40 чалавек


Аднаго з хлопцаў, які падчас рэйду праваахоўнікаў у сталічны гей-клуб “6А”запатрабаваў ад міліцыянта назвацца, па зямлі давалаклі да аўтобуса, дзе прыкулі кайданкамі да седала. Усім затрыманым забаранілі карыстацца тэлефонамі.

Прадстаўнікі органаў унутраных справаў заявілі затрыманым, што рэйд звязаны з дзейнасцю лідара “ГейБеларусі” Сяргея Андросенкі – нібыта той “займаецца рэчамі, якімі не варта было б”. У самога Андросенкі два тыдні таму забралі пашпарт пры мінанні польска-беларускай мяжы ў Берасце і не вярнулі дагэтуль.

У аперацыі ўдзельнічала не менш як восем працаўнікоў праваахоўных органаў. Міліцыянты праверылі ў наведнікаў установы пашпарты. Некалькі дзясяткаў затрыманых даставілі ў пастарунак для высвятлення асобы. Пасля збору звестак іх адпусцілі.

“Гэты беспрэцэдэнтны націск на беларускую ЛГБТ-супольнасць з боку ўладаў, я толькі магу здагадвацца пра сапраўдныя прычыны ды наступствы пераследу, які абрынуўся на нашую арганізацыю і беларускіх гомасексуалаў. Але гэтыя падзеі яўна дэманструюць трывогу ўладаў з нагоды аб’яднання ЛГБТ-супольнасці ды з нагоды каштоўнасцяў, якія дэкларуе нашая арганізацыя”, – пракаментаваў Андросенка.

У студзені ўжо праводзіліся міліцэйскія рэйды на ЛГБТ-вечарыны ў Менску і Віцебску. З пачатку студзеня на гутарку ў міліцыю, у тым ліку ва ўпраўленні наркакантролю, выклікалі не менш як 60 заснавальнікаў Рэспубліканскага моладзевага грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Лямбда” – пад такою назваю другі раз спрабуе легалізавацца “ГейБеларусь”.

Праваабаронцы звязваюць рэпрэсіі з жаданнем уладаў “разваліць арганізацыю і зрабіць яе менш прывабнай у вачах моладзі”. Як адзначаюць ЛГБТ-актывісты, у менскіх гей-клубах пасля студзеньскіх рэйдаў адзначаецца адток наведнікаў, людзі баяцца хадзіць на вечарыны, каб не стаць удзельнікамі чарговай міліцэйскай акцыі ды не мець праблемаў з праваахоўнымі органамі.

М.Я., паводле БелаПАН

Стужка навінаў