Хаменка: Паўтараць былых «Песняроў» – гэта зомбі-творчасць


Пра творчую драму аднаго з самых вядомых беларускіх гуртоў і яго музычную спадчыну разважае ў праграме «Размова Жбанкова» музыка Алег Хаменка.

Ансамбль «Песняры» на чале з колішнім лідарам калектыву Уладзімірам Мулявіным лічыцца легендаю беларускае музыкі. У свой час гурт стаўся нават брэндам савецкай культуры, а народная песня «Касіў Ясь канюшыну» ў выкананні «Песняроў» прагучала ў культавым мультфільме савецкіх часоў «Ну, погоди!».

{movie}Алег Хаменка ў “Размове Жбанкова”|right|8953{/movie}
Паводле Алега Хаменкі, пік папулярнасці ансамблю прыпаў на 1970-ыя, калі ў Савецкім Саюзе быў перыяд чарговага «закручвання гаек». «Песняры», падкрэсліў госць «Белсату», падпарадкаваліся абставінам і сталі ствараць ідэалагічна вывераныя песні пра камсамол і падобнае. Тады калектыў загінуў як незалежны фолк-праект, мяркуе Хаменка, але ўвесь час «Песняры» спрабавалі вярнуцца да вытокаў. «Іншая справа, што ствараць новыя песні паводле беларускіх народных тэкстаў яны не маглі – не хапала адпаведнага матэрыялу», – адзначыў музыка. У выніку паўстаў гіт на псеўданародную песню «Скажы мне, Ганулька», тэкст да якой разам склалі Мулявін і Ханок.

Хаменка адзначыў, што ў межах т. зв. рэпертуарнай палітыкі «Песнярам» не проста прапаноўвалі, але гвалтам «упіхвалі» тэксты і музыку. «Праблема «Песняроў» у тым, што іх паставілі ў Савецкім Саюзе на дзяржаўны канвеер», – лічыць госць праграмы.

Сучасных «Песняроў» Хаменка назваў кавэрам на калектыў часоў Мулявіна. «Існуюць цяпер двайнікі «Beatles» ці Элвіса Прэслі, і яны маюць права быць, але гэта трэба так і назваць», – мяркуе Хаменка. Такія гурты могуць фінансавацца дзяржаваю, але ад іх нельга патрабаваць нечага новага. «Гэта ж зомбі-творчасць: паўтараць тое, што паўтарыць немагчыма», – лічыць госць «Белсату».

М. Я., belsat.eu
https://youtu.be/ZSEWeZ9HMQQ

Глядзі таксама
Каментары