Уладзімір Халіп: У гэтай краіне ўсё вырашае адзін чалавек


Адмысловая камісія праверыла ўмовы жыцця трохгадовага Даніка Саннікава.

Як распавёў “Белсату” бацька зняволенай журналісткі Ірыны Халіп, спадар Уладзімір, камісія агледзела ўсю кватэру, “зазірнула літаральна ў кожны кут”. Усё гэта рабілася моўчкі, ці задаволіла чальцоў камісіі ўбачанае, таксама невядома. Уладзімір Халіп такім паводзінам не дзівіцца: “Вы ж разумееце, яны проста вінцікі тэхнічнага працэсу, якія нічога не вырашаюць. У іх нават уласнага меркавання быць не можа, бо ўсё ў нашай краіне вырашае адзін чалавек – як ён скажа, так усё і будзе”.

Уладзімір Трафімавіч таксама паведаміў, што дагэтуль не прызначылі даты, калі будзе вырашацца пытанне аб устанаўленні апекі над Данікам. “Нам гавораць, як і ўсім: напрыканцы месяца”, – канстатуе дзядуля Данілы.

Сёння ж бацькі Ірыны Халіп атрымалі ліст ад зняволенай дачкі. Ірына Халіп просіць родных не турбавацца, а да ейнага перабывання ў турме адносіцца як да набывання новага досведу. Ірыну таксама турбуе, як пачувае сябе Даніла і як яму патлумачылі адсутнасць бацькоў. Уладзімір Халіп гаворыць, што пра Даніка дачцэ яны пісалі неаднаразова і тлумачыць яе пытанні тым, што лісты ад бацькоў Ірыне не перадалі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары