Уладзімір Някляеў: Аліневіч і Дашкевіч = Каліноўскі


«Каліноўскі для мяне сёння – гэта і тыя хлопцы, што выйшлі на плошчу ў 2010 годзе і якія не дайшлі да яе. Гэта Зміцер Дашкевіч, гэта «тэрарыст і анархіст», як таксама называлі Каліноўскага, Ігар Аліневіч. Якія яны «тэрарысты» і чаму? Бо яны – за Беларусь, а не за ўладу», – заявіў лідар кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

{movie}Уладзімір Някляеў: Аліневіч і Дашкевіч = Каліноўскі|right|8937{/movie}

«У 1863 годзе падаўлялася не паўстанне. Падаўлялася любоў да Беларусі. Тое самае рабілася на плошчы 2006 і 2010 гадоў, дзе падаўлялася не плошча, а ў кроў збівалася любоў», – зазначае Някляеў.

«Гэта вам не на білбордах «Люблю Беларусь» пісаць»

Паводле Уладзіміра Някляева, Кастусь Каліноўскі праз паўстанне 1863 года меўся вырашыць палітычнае пытанне: беларусы мы ці «тутэйшыя». «Якое палітычнае пытанне вырашаецца сёння? Тое самае: беларусы мы ці «тутэйшыя», – лічыць палітык.

Былы кандыдат на прэзідэнта мяркуе, што цяпер постаць Кастуся Каліноўскага стала замінаць дзяржаўным ідэолагам. «Паглядзіце, як ідэолагі ўлады шчыльнымі радамі рушылі на ўсё тое, чым ёсць Каліноўскі, чым ёсць ягоная ідэя і барацьба, – зазначае Уладзімір Някляеў. – Аказалася, што ён не беларус, а паляк. Аказалася, што ён ненавідзеў беларусаў. Да таго ненавідзеў, што гатовы быў забіваць беларускіх дзяцей. Тады чаму ж праз усё паўстанне, праз турму і суд ён пранёс прызнанне не «люблю Польшчу», а «люблю Беларусь»? І пранёс яго да самай шыбеніцы. Гэта вам не на білбордах «Люблю Беларусь» пісаць».

{movie}«Гэта вам не на білбордах «Люблю Беларусь» пісаць»|right|8936{/movie}

Уладзімір Някляеў гаворыць, што планавалася праводзіць розныя святкаванні, звязаныя з гадавінаю паўстання, некаторыя з іх – з удзелам уладаў. Гэтак, амбасадар Польшчы разам з грамадскімі актывістамі наведаў Свіслач, каб ушанаваць памяць Каліноўскага і паўстанцаў, аднак мясцовыя ўлады акцыю праігнаравалі. На думку палітыка, гэта «не выпадак, а тэндэнцыя». Тым не менш, зазначыў Някляеў, у межах святкавання гадавіны паўстання будуць выдавацца кнігі, узнаўляцца памятныя знакі на месцах, звязаных з паўстаннем.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў