Лукашэнка бароніць мяжу, збіраючы плёткі?


Кіраўнік краіны запатрабаваў ад памежнікаў надзейнай аховы мяжы. Разам з тым лідар Беларусі закрануў тэму «некаторых размоваў», якія блукаюць у памежным ведамстве.

Падставаю абмеркавання памежнага пытання, паводле Лукашэнкі, сталіся санкцыі з боку Захаду, правакацыі на мяжы і абвастрэнне праблемаў, звязаных з яе абаронаю: «Усё гэта патрабуе асаблівай увагі ды сур’ёзнага аналізу існай сістэмы аховы нашых межаў».

Асаблівае значэнне, паводле кіраўніка дзяржавы, мусіць надавацца павышэнню эфектыўнасці работы памежнага ведамства. Цяпер настаў час паглядзець, наколькі поўна і якасна выконваюцца гэтыя даручэнні. Ён запатрабаваў справаздачу пра тое, што зроблена і што яшчэ трэба ажыццявіць для надзейнага процідзеяння выклікам і пагрозам на мяжы.

Вельмі непакояць, як высветлілася, галаву дзяржавы чуткі ды здагадкі ў органах памежнай службы: «Некаторыя размовы, якія, як мяне інфармуюць, блукаюць у памежным ведамстве: нібыта цяперашні кіраўнік памежнай службы не мае доступу да прэзідэнта. Усё гэта поўная лухта».

Паводле сцверджання Лукашэнкі, старшыня Дзяржпамежкамітэту Аляксандр Баечка мае з ім сувязь у любы час содняў: «Ён гэта ведае, і я папрашу, вы давядзіце да некаторых сваіх афіцэраў: для мяне палкоўнік Баечка – гэта такі ж афіцэр, як і ўсе папярэднія кіраўнікі памежнай службы. Усе, хто сядзіць за гэтым сталом, міністры і высокія службовыя асобы, маюць аднолькавую сувязь з прэзідэнтам».

Усе пустыя размовы мусяць спыніцца, а памежнікі маюць займацца сваёй справаю – хадзіць па апошнім метры беларускай зямлі ды з гонарам абараняць мір і спакой беларускага народу, заўважыў галава краіны.

Максім Ярашэвіч, паводле БелаПАН

Стужка навінаў