Вучэнні ў заапарку


Што рабіць, калі з вальеру ўцякла жывёліна? У такійскім заалагічным парку правялі адмысловыя вучэнні з эвакуацыяй наведнікаў і з паказальным затрыманнем уцекача – зебры, а дакладней чалавека ў касцюме жывёліны.

І хоць касцюмаваная зебра значна павольнейшая за сапраўдную і працаўнікі заапарку ўспрынялі вучэнні хутчэй як жарт, адміністрацыя ўстановы ўпэўненая: рэгулярныя трэнаванні павысяць агульную гатовасць да такіх сітуацыяў.

«Калі штосьці сур’ёзнае насамрэч адбудзецца, тады, натуральна, гэта будзе сапраўдная жывёліна. Але гэтая акцыя таксама павысіць пільнасць персаналу. Калі жывёліна насамрэч уцячэ – будзе значна сур’ёзней», – зазначае дырэктар заапарку Наокі Табата.
{movie}Вучэнні ў такійскім заапарку|left|8933{/movie}
Ролю зебры выконваў 31-гадовы Ёсукэ Танака, які добраахвотна-прымусова вылучыўся на гэтую ролю, бо працуе тут найменей: «Штогод гэтую ролю выконвае самы зялёны працаўнік. Сёлета гэта я. Таму хачу папярэдзіць тых, хто будзе ў гэтым касцюме пасля мяне, што тут вельмі горача ды нясе потам і хай гэтая асоба падумае двойчы, перад тым, як пагаджацца».

Такія вучэнні праводзяцца з 1980 года. Касцюм змяняецца раз на дзесяцігоддзе – першым быў горны казёл, пасля леў, насарог і ўрэшце зебра. Агулам для лоўлі «зебры» спатрэбіліся 50 асобаў і працаўнікі мясцовай службы аховы здароўя, што «стрэлілі транквілізатарам» ва ўцекача.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў