«Народны ўніверсітэт» вяртаецца ў Бабруйск


Cёлета ў Бабруйску распачаў дзейнасць Народны ўніверсітэт. На занятках можна будзе даведацца шмат цікавага з гісторыі ды культуры Беларусі, паразважаць над сучаснасцю і будучыняй нашай краіны, а пасля сканчэння поўнага курсу – атрымаць дыплом.

«Мы пастанавілі правесці такую адукацыю, бо шмат хто за гэтыя часы, пачынаючы з 1994 года, пачалі ўжо зусім па-іншаму глядзець на Беларусь. Людзі ды моладзь шмат чаго ўвогуле не ведаюць. Возьмем таго ж Каліноўскага, іншыя важныя для Беларусі постаці і падзеі… Цяпер у школе, ва ўніверсітэтах у іншым ракурсе падаюць усё гэта», – зазначае мясцовы актывіст Юрый Грынявецкі.

Стаць студэнтам універсітэту можа кожны ахвочы, незалежна ад наяўнай адукацыі ды ўзросту. Але спадар Юрый спадзяецца, што сярод слухачоў будзе больш маладых. Менавіта моладзь ён хоча праз лекцыі падштурхнуць задумацца над тым, што для іх Беларусь, якой яны хочуць яе бачыць, і што яны могуць зрабіць, каб нешта змяніць у сваёй краіне: «Хацелася б, каб людзі задумаліся пра тое, што гэта іхная краіна, што тут іхным дзецям жыць. Што ў іх ёсць свая культура, свая вялікая і багатая гісторыя. Хацелася б пераарыентаваць людзей да дэмакратычных каштоўнасцяў, нешта змяніць у іхнай свядомасці».

Чытаць лекцыі будуць адмыслоўцы з Бабруйску, а таксама госці, запрошаныя з Менску. Спадар Юрый хоча, каб заняткі праходзілі не столькі ў выглядзе лекцыяў, а хутчэй як абмен меркаваннямі.

Слухачка ўніверсітэту Вольга, якая наведала ўжо колькі заняткаў, падзялілася сваймі ўражаннямі: «Мне гэта вельмі цікава. Вось на мінулым тыдні тэма была «Герб і сцяг Беларусі», распавядалі пра гісторыю, значэнне. Сёння – пра Кастуся Каліноўскага. Было вельмі спазнавальна. Я хоць і немаладая ўжо, але мяне гэта ўсё вельмі цікавіць. Я, дарэчы, сама не беларуска. У мяне муж беларус, а я толькі апошнія гады жыву ў Беларусі. А калі я тут жыву цяпер, то лічу, што сваё трэба ведаць. У мяне ўнукі растуць, ім трэба прышчапіць з маленства любоў да сваёй Радзімы, да Беларусі. Вось і прыходжу сюды, каб было што ўнукам і праўнукам расказаць, перадаць усё гэта».

Тэмы лекцыяў абмяркоўваюцца са слухачамі, у расклад уносяць тое, што найбольш актуальна і цікава для людзей: гадавіна паўстання 1863 года, гісторыя эканомікі ды рэлігіі Беларусі, беларуская дзяржаўнасць, выбітныя постаці беларускай гісторыі, культурная спадчына ды інш.

Заняткі плануюць праводзіць шточацвер, у мясцовым офісе АГП, на вул.Кастрычніцкай, 173-А а 18-й гадзіне.

Паводле Грынявецкага, такая культурна-асветніцкая ўстанова ў Бабруйску ўжо існавала напрыканцы 1990-х гадоў, сам ён быў тады студэнтам гэтага ўніверсітэту, і мае дыплом па яго заканчэнні. Тады Народны ўніверсітэт у Бабруйску быў часткаю агульнабеларускай праграмы грамадзянскай адукацыі ды асветы для шырокіх слаёў насельніцтва.

Як нефармальная адукацыйная ўстанова Народны ўніверсітэт быў створаны Грамадскім навукова-аналітычным цэнтрам «Беларуская перспектыва» ў 1997 годзе. Яго мэтаю было рыхтаванне грамадзянаў да актыўнага і кампетэнтнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці. Выкладалі ў гэтым універсітэце Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Падгол, Валянцін Голубеў, Юры Хадыка ды інш. Выкладчыкі рэгулярна выязджалі з Менску ў розныя раёны Беларусі і праводзілі заняткі па паліталогіі, рынкавай эканоміцы, гісторыі Беларусі, гісторыі беларускай культуры ды іншых курсах. Агулам за час існавання ўніверсітэту навучанне прайшлі больш за 1500 асобаў у 31 горадзе краіны. Пазней на падставе ўніверсітэту паўстала «Таварыства аматараў ведаў (філаматаў)», закрытае судоваю пастановаю ў 2005 годзе.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў