Сябра Партыі БНФ стаў аўтарам бестселераў у Расеі


Беларуская дыктатура наклала адбітак на маю творчасць, кажа пісьменнік Сяргей Антонаў з Быхава. Журналісты праграмы “Рэпартэр” сустрэліся з аўтарам бестселераў з серыі «Метро-2033».



Кніжная серыя сталася шырока вядомая сярод расейскіх чытачоў. Спадар Антонаў піша пра будучыню чалавецтва, якое пасля ядравай вайны сышло з паверхні зямлі і жыве ў падзямеллі метро. Ягоныя апавяданні выходзяць у Маскве агромністымі накладамі, а адна з кніжак пісьменніка больш за месяц трымалася ў спісе фантастычных бестселераў.

{movie}Сябра “БНФ” з Быхава стаў аўтарам бестселераў у Расеі |right|8932{/movie}

Сяргей Антонаў жыве ў невялікім райцэнтры Быхаў на ўсходзе Беларусі. З 2007 года ён займаецца літаратурнай дзейнасцю, публікуючы свае творы пераважна ў расейскіх выдавецтвах. Сумарны наклад ягоных кніг складае 250 тыс. асобнікаў. Першая ягоная кніга з фантастычнай серыі «Метро-2033» – «Цёмныя тунэлі» – мае наклад 130 тыс. асобнікаў, яе пераклалі на нямецкую мову. Адзін з матываў, які схіліў быхаўца заняцца напісаннем кніг, – праблемы з працаю: «Я спрабаваў працаваць на кансервава-гародзінасушыльным заводзе, але пасля змены дырэктара вымушаны быў сысці. Тады я трапіў на хлебазавод, дзе адпрацаваў адзін дзень, пасля чаго мне адкрыта сказалі, што больш у Быхаве і раёне працаваць я не буду». Паводле пісьменніка, мясцовае кіраўніцтва не хацела прыняць яго на працу, бо з 1997 года ён ся́бра Партыі БНФ. Цэнтр занятасці прапаноўваў яму месца кшталту распілоўшчыка мяса, але мужчына з дыпломам інжынера-механіка не згаджаўся на такую працу.

Спадар Антонаў падкрэслівае: беларускую палітычную сітуацыю ён адлюстроўвае ў творчасці. Выразныя ў ягоных кнігах таксама антыкамуністычныя і антыбальшавіцкія настроі: «Двое маіх прадзедаў рэпрэсавалі, двое дзядоў ваявалі за гэтую краіну: адзін вярнуўся калекам, другі загінуў». На ягоную думку, адказныя за гэта менавіта бальшавікі. Цяперашні стан Беларусі, якой працягваюць кіраваць нашчадкі таталітарнай сістэмы сведчыць пра вяртанне краіны ў мінулае: «Для мяне Беларусь – гэта краіна, якая вярнулася ў Савецкі Саюз, узяўшы адтуль не самае лепшае, а самае, што толькі можна прыдумаць, горшае».

Гэтыя ды іншыя матэрыялы праграмы “Рэпартэр” вы можаце пабачыць у архіве праграмаў.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў