Улады: Зменам у выбарчым кодэксе – так, грамадскаму абмеркаванню – не


Чарговыя прэзідэнцкія выбары адбудуцца ў 2015 годзе, але да іх ужо актыўна рыхтуюцца – апазіцыя і ўлады. Першыя патрабуюць правесці свабодныя выбары. Другія – змяняюць выбарчае заканадаўства.

Лукашэнка заяўляе пра неабходнасць зменаў у выбарчым заканадаўстве. Удасканальваць яго трэба, зыходзячы з інтарэсаў беларускага грамадства, а не на чыёсьці ўказанне, заявіў кіраўнік краіны на сённяшняй нарадзе. Сваё стаўленне да грамадства раней ужо выказаў Цэнтрвыбаркам, адмовіўшы прадстаўнікам шэрагу беларускіх партыяў і арганізацыяў правесці грамадскае абмеркаванне прапановаў паправак у закон. Лукашэнка ж раней заяўляў, што прававы механізм арганізацыі ды правядзення выбараў, які існуе цяпер, працуе досыць выразна і эфектыўна.

{movie}Змены ў выбарчым кодэксе без абмеркавання грамадства|right|8909{/movie}
На думку дэмакратычнай супольнасці, змены ў Выбарчы кодэкс, прапанаваныя Цэнтрвыбаркамам, не адпавядаюць заканадаўству Беларусі ды міжнародным стандартам – перадусім згадка пра магчымасць заклікаць да байкатавання выбараў. Абурэнне выклікае прапанова надаць правы вылучаць кандыдатаў у дэпутаты рэспубліканскім грамадскім арганізацыям; адмовіцца ад дзяржаўнага фінансавання выдаткаў на перадвыбарную агітацыю. Прапановы ж, якія выказвае грамадзянская супольнасць для ўдасканальвання выбарчага працэсу ні Цэнтравыбаркам, ні Лукашэнку не цікавяць.

Усе папярэднія выбары ў Беларусі міжнародная супольнасць дэмакратычнымі ды свабоднымі не прызнала. Пасля ж унясення ў выбарчае заканадаўства паправак, выбары яшчэ далей адыдуць ад усталяванага ў цывілізаваным свеце стандарту.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Стужка навінаў