«За нашу і вашу свабоду». Як святкуем мы і суседзі?


Сёлета спаўняецца 150 гадоў з самага славутага паўстання, вядомага у нас як паўстанне Кастуся Каліноўскага. У барацьбе «за нашу і вашу свабоду» сышліся сяляне і шляхта Беларусі, Польшчы, Літвы, часткова Украіны і Латвіі. Як адзначаюць гэтую гадавіну ў Беларусі ды ў нашых суседзяў?

Паўстанне Каліноўскага ў Беларусі

Ніякай праграмы святкаванняў дзяржава не абвесціла. Адзіны жэст ушанавання здзейсніла «Белпошта»: 2 лютага адбудзецца ўрачыстае касаванне выдадзеных памятных паштовак з маркаю. Больш за тое дзяржава ініцыявала навуковую канферэнцыю, на якой гістарычную вартасць асобы Каліноўскага паставілі пад сумнеў.

У той час, як афіцыйныя ўлады маўчаць пра планы адносна святкавання гадавіны паўстання, выратаваць сітуацыю намагаюцца прадстаўнікі грамадскай супольнасці. Аргкамітэт мерапрыемстваў з некалькіх дзясяткаў выбітных дзеячаў узначалілі Янка Запруднік, Аляксандр Мілінкевіч і Уладзімір Някляеў.

Абачлівасць дзяржавы ў святкаванні гадавіны паўстання каментуе сябра аргкамітэту Аляксандр Мілінкевіч: «Улады адмовілі нам у выдачы юбілейнай серыі паштовак, прысвечаных Мілавідскай бітве. Наагул, кіраўніцтва краіны цяпер не ведае, як да ўрачыстасцяў паставіцца Масква, а ці не выбухне рэвалюцыя на 150-годдзе паўстання?»

У планах аргкамітэту ажыццяўленне цэлага шэрагу мерапрыемстваў, сярод якіх: усталяванне крыжоў на месцах пахавання паўстанцаў, рэалізацыя адукацыйных і навуковых праграмаў, канферэнцыяў, рэканструкцыяў, музычных фэстаў і стварэнне… рок-оперы пра Каліноўскага. «Праграма мерапрыемстваў скіраваная на папулярызацыю паўстання і разлічаная на два гады. Калі жывеш у аўтарытарнай краіне, а яе ўлады нават не адказваюць на прапановы адзначыць гадавіну разам, на нас ускладаецца вялікая адказнасць. Ці ўсю праграму выканаюць, будзе залежыць ад таго, наколькі нам удасца акумуляваць фінансы. Хоць шмат якія рэчы можна рабіць і без грошай, мы марым зрабіць усё па максімуму», – распавёў Аляксандр Мілінкевіч.

Бліжэйшае мерапрыемства адбудзецца 1 лютага, у гадавіну выдання звароту Літоўскага правінцыйнага камітэту з заклікам падняцца на ўзброеную барацьбу. У штаб-кватэры партыі БНФ прагучаць выступы, прысвечаныя паўстанню, адбудзецца канцэрт. Арганізатары запрапануюць падпісаць паштоўкі сённяшнім «паўстанцам» – беларускім палітвязням.

Студзеньскае паўстанне ў Польшчы

Беларуская дыяспара і шэраг арганізацыяў у Варшаве заснавалі аргкамітэт святкавання гадавіны паўстання. «Беларуская нацыянальная памяць» стварыла інтэрактыўную мапу паўстання з інфармацыяй пра кіраўнікоў і пункты змагання на Беларусі. Адным з першых мерапрыемстваў аргкамітэту стане лыжны рэйд ад Баброўнікаў да Мастаўлянаў «Па мясцінах Каліноўскага», які мае адбыцца 9 лютага.

На дзяржаўным узроўні святкаванне ў Польшчы ладзіцца з размахам. 22 студзеня, у дзень пачатку паўстання на тэрыторыі Польшчы ў Варшаве адбылося адразу некалькі ўрачыстасцяў, у якіх браў удзел прэзідэнт краіны Браніслаў Камароўскі.

Нягледзячы на тое, што святкаванні аказаліся раздзеленымі для прадстаўнікоў улады і апазіцыі, прэзідэнт заклікаў святкаваць важную дату разам: «Няма некалькіх гісторыяў, ёсць супольнае мінулае». Камароўскі ўзяў пад свой патранаж усе ўрачыстасці, сярод якіх – канцэрты, выставы, навуковыя канферэнцыі, адукацыйныя праграмы і конкурсы. Ушанаванні месцаў памяці паўстанцаў адбудуцца не толькі ў Варшаве, але і па ўсёй Польшчы. З нагоды юбілею паўстання 1863–1864 гадоў або студзеньскага паўстання, як яго называюць палякі, выпусцілі дзве манеты наміналам 2 і 10 злотых.

Нагадваюць пра важную падзею і польскія дыпламаты ў Беларусі. Амбасадар Лешэк Шарэпка ўзначаліў урачыстае ўскладанне кветак да помніку кіраўніка паўстання у тагачаснай Літве Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы. Да палякаў далучыліся дыпламаты з літоўскай і латышскай амбасадаў, прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці. Прадстаўнікі ж уладаў краіны-гаспадыні не знайшлі ні часу, ні жадання ўшанаваць памяць Каліноўскага і паўстанцаў.

У Літоўскай рэспубліцы

Сейм краіны абвесціў 2013-ы, ні многа ні мала, годам памяці паўстання 1863 года. Паводле аўтараў праекту, Ірэны Дзяґуціене (Irena Degutienė) і Аўдронюса Ажубаліса (Audronius Ažubalis), гэтае паўстанне – важная частка еўрапейскай гісторыі Літвы, якая аб’ядноўвае краіну з суседнімі Польшчаю і Беларуссю.

Святочныя мерапрыемствы пачаліся заранёў: летась у ліпені сіламі Міністэрства замежных справаў усталявалі мемарыяльную табліцу ў гонар мужных паўстанцаў. «Нам доўгі час падавалі скажоную гісторыю ХІХ стагоддзя. Аднак заклікі паўстанцаў узрасцілі самапавагу, смак літоўскасці, вось чаму сёння мы гаворым па-літоўску», – адзначыў тагачасны міністр замежных справаў Аўдронюс Ажубаліс.

Таксама ў гонар важнай гістарычнай гадавіны Літоўскі банк выпусціў адмысловую калекцыйную манету. Яна вырабленая са срэбра, аздобленая выявамі гербаў паўсталых народаў, а таксама зброі паўстанцаў – шабляў ды косаў. На рабры манеты выбітыя святыя для паўстанцаў словы:«Свабода, роўнасць, незалежнасць».

Апроч таго, у музеях Літвы ладзяцца тэматычныя выставы. Плануецца выданне паштовай маркі, прысвечанай паўстанню 1863–1864 гадоў, здымкі дакументальнага фільму і ўпарадкаванне помнікаў, прысвечаных паўстанню.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў