Прэм’ер Сербіі, які стаў ахвяраю эратычнага жарту, пакарае вінаватых


Прэм’ер-міністр і кіраўнік МУС Сербіі Івіца Дачыч, які стаў ахвяраю эратычнага розыгрышу ў сербскай тэлеперадачы, загадаў правесці расследаванне і выявіць асобаў, адказных за ўзнікненне няёмкай сітуацыі.

Інцыдэнт адбыўся некалькі дзён таму. Дачыч у суправаджэнні групы чыноўнікаў прыехаў ў тэлестудыю на чарговае інтэрв’ю, не ведаючы, што яно арганізавалі ў межах папулярнага шоу «Місія невыканальная», якое выходзіць у эфіры сербскага забаўляльнага тэлеканалу «Pink». Пытанні палітыку задавала псеўдавядоўца, былая фотамадэль часопісу «Playboy», якая не мела на сабе ніжняй бялізны. Прэм’ер паводзіў сябе стрымана, але кожную ягоную рэакцыю на правакацыйныя паводзіны суразмоўніцы фіксавала прыхаваная камера.

{movie}Трэйлер забаўляльнага шоў з удзелам сербскага прэм’ера|right|8903{/movie}
«Увесь гэты выпадак будзе даследаваны», – скаментаваў сітуацыю адмысловы дарадца прэм’ера ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Івіца Тончэў. Паводле яго, гэты выпадак – кепікі з усёй Сербіі, а не з прэм’ера.

Адказваючы на пытанне, як наагул сталася магчымым, што Дачыч стаўся ахвяраю схаванай камеры, дарадца адзначыў: арганізатары тэлешоў злоўжылі даверам прэм’ера да журналістаў. «Гэтага больш ніколі не паўторыцца», – зазначыў Тончэў.

Правакацыя выклікала рэзкую крытыку Незалежнай асацыяцыі журналістаў Сербіі ды прафсаюзу паліцэйскіх. Анонс тэлешоў, якое пакуль не выпусцілі ў тэлеэфір, быў размешчаны на партале «YouTube» у аўторак і з таго часу набраў каля 2,7 мільёна праглядаў.

Максім Ярашэвіч, паводле РИА «Новости»

Глядзі таксама
Каментары