У Беларусі збіраюцца развіваць кінабізнес


Дзяржаўныя ж сродкі на кіно будуць размяркоўваць на конкурснай аснове.

Праект Закону аб кінематаграфіі забяспечвае новы падыход да кінавытворчасці ў Беларусі і дэкларуе заканчэнне ў гэтай галіне дзяржаўнай манаполіі, якая належала “Беларусьфільму”. Ён прадугледжвае развіццё не толькі дзяржаўнай, але і прыватнай кінавытворчасці.

Як патлумачыў дырэктар дэпартаменту кінематаграфіі Міністэрства культуры Андрэй Бычкоў, мэта законапраекту – павялічыць цікавасць да айчыннага кіно, падвысіўшы яго якасць. Стымуляваць кінавытворчасць плануюць, з аднаго боку, развіваючы інстытут прадзюсарства пры падтрыманні дзяржавы, з іншага – прыцягваючы прыватны капітал.

Задачу шукаць інвестыцыі паставіў перад “Беларусьфільмам” Аляксандр Лукашэнка, паколькі дзяржаўныя датацыі на кіно будуць скарачаць.

Кінакрытык і праграмны дырэктар міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” Ігар Сукманаў лічыць, што законапраект прадугледжвае станоўчыя перамены. Напрыклад, падатковыя зніжкі для прадзюсараў і кінематаграфістаў.

“Але разам з тым незразумела, як будуць кантраляваць выдаткоўванне сродкаў. Кажуць, будзе адмысловая камісія, яна і будзе праводзіць гэтак званыя конкурсы. Але практыка паказвае, што ў такія камісіі ўваходзяць найчасцей заангажаваныя міністэрскія людзі. Калі так і здарыцца, у Беларусі і далей будуць здымаць ваенныя стужкі, якія айчыннаму гледачу ўжо даўно надакучылі. А значыць, сапраўдных зменаў у кінематографе не будзе”, –адзначыў эксперт.

Ігар Сукманаў мяркуе, што здаровая канкурэнцыя паміж прадзюсарскімі цэнтрамі ды прыватнымі кампаніямі пачнецца, калі ўплыў дзяржавы на кіно стане мінімальным.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары