Ці прададуць «Беларуськалій» і «Нафтан»?


Дзяржаўны камітэт маёмасці Беларусі прапаноўвае прадаць частку акцыяў двух самых прыбытковых прадпрыемстваў краіны. Чым выкліканае такая прапанова, разважае ў «Гарачым каментары» эканаміст Аляксандр Сінкевіч.

Адмысловец, аднак, лічыць, што продаж «фамільнага срэбра» Беларусі адбудзецца толькі ў скрайнім выпадку, калі дзяржаўнае кіраўніцтва не знойдзе іншага выйсця для пагашэння вонкавага доўгу. «Я мяркую, што продаж можа адбыцца, бо Беларусі не хапае $ 2,5–3 млрд, каб перакрыць адмоўнае сальда валютнага балансу», – зазначыў спадар Сінкевіч.

Паводле адмыслоўца, у Беларусі ўсталявалася звычайная практыка, калі неадназначныя прапановы выходзяць з боку чыноўнікаў ніжэйшага звяна. «Гэтак улады спрабуюць праверыць рэакцыю беларускага грамадства і бізнесоўцаў, але гэта і пасыл для замежных інвестараў, што прадпрыемствы могуць быць прададзеныя», – лічыць госць «Гарачага каментара». Гэта канстатацыя таго, што нельга прадаць вялікіх пакетаў акцыяў як «Беларуськалій», таму спрабуюць знайсці больш дробных пакупнікоў.

Эканаміст лічыць, што прададуць не больш за 25 % усіх акцыяў, гэтак званы «пакет блакавання», бо кіраўніцтва краіны ўсё ж будзе імкнуцца захаваць кантроль над «Беларуськаліем» і «Нафтанам».

{movie}Аляксандр Сінкевіч у “Гарачым каментары” |right|8888{/movie}
Пасля продажу прадпрыемстваў у Беларусі не застанецца амаль нічога, бо бракуе адмыслоўцаў, якія б распрацавалі альтэрнатыўныя сцэнары эканамічнага развіцця, лічыць Аляксандр Сінкевіч. «Павінны быць прарыўныя ідэі ва ўрадзе. У нас жа бачаць толькі два шляхі – кансервацыя савецкай спадчыны або распродаж без інавацыйнага развіцця краіны», – падкрэсліў эканаміст. Для гэтага, паводле ягоных словаў, ва ўладу мусяць прыйсці новыя людзі, бо ўсцяж тыя самыя людзі за стырном краіны ўжо вычарпалі свае ідэі.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў