Тозік прапаноўвае не лячыць бясплатна тых, хто п’е і паліць


«Мы ніяк не можам пераламаць нашую свядомасць і пераканаць насельніцтва, што клопат пра здароўе – абавязак кожнага. У нас жа лічаць, што гэта рабіць абавязаны доктар. Наадварот, клапаціцца пра здароўе мусіць кожны сам, а доктар – дапамагчы, як штосьці здарыцца», – заявіў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік на выніковай калегіі Міністэрства аховы здароўя.

Новы закон супраць тых, хто ужывае алкаголь?

Чыноўнік выказаў надзею, што хуткім часам прынмуць змены ў закон «Аб ахове здароўя»; сутнасць іх – абавязаць людзей, якія трапляюць ва ўстановы аховы здароўя ў стане алкагольнага ап’янення, кампенсаваць расходы на лячэнне.

«У нас кожны шосты ў гэтым стане [трапляе ў шпіталь]. Мне шмат хто расказваў, што прыйдзеш у прыёмны пакой са сваёю праблемаю, а там, пакуль не прымуць тых, каго на тачках коцяць, бо напіўся і лоб разбіў, нагу зламаў, – дапамогу не акажуць. Я спадзяюся, што нашую прапанову падтрымае парламент: трапіў ва ўстанову аховы здароўя з гэтай прычыны, цалкам аплочвай лячэнне. Спадзяюся, што будзе прыняты нарматыўны акт, згодна з якім першыя шэсць дзён бюлетэню – даведка, наступныя шэсць дзён – 50 %», – заявіў намеснік прэм’ер-міністра.

Тозік таксама выказаўся за ўвядзенне кампенсацыі лячэння тымі пацыентамі, якія паляць і пакутуюць ад хваробаў, што ўзнікаюць у выніку гэтага.

Антыканстытуцыйная прапанова

Норма аб тым, што пацыент, якому медычная дапамога спатрэбілася ў сувязі з тым, што ён быў у стане алкагольнага ці наркатычнага ап’янення, будзе кампенсаваць лячэбнай установе выдаткі на лячэнне, утрымліваецца ў праекце паправак да закону «Аб ахове здароўя». Міністр аховы здароўя Васіль Жарко, каментуючы гэтую ініцыятыву, адзначаў, што бюджэт нясе вялікія выдаткі на лячэнне грамадзян, якія трапілі ў шпіталь праз алкаголь або наркотыкі.

Аднак у артыкуле 45 Канстытуцыі запісана: «Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медычнага абслугоўвання».

Праваабаронца Гары Паганяйла адзначыў, што пераадоленне праблемы алкагалізацыі насельніцтва шляхам кампенсацыі медычных выдаткаў насельніцтвам з яго раздзяленнем на п’яных і цвярозых сумнеўнае. «Замест выратавання чалавека мы можам атрымаць павелічэнне выдаткаў дзяржавы на медыцыну і павелічэнне ліку людзей, якія пакутуюць ад захворванняў і робяцца ў выніку інвалідамі», – лічыць ён.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў