Птушыная салідарнасць. Шпакі з Беларусі зімуюць у выраі «хмарай»


Птушкі з Беларусі, Расеі ды Украіны, якія прыляцелі на зімоўку ў Ізраіль, утварылі велізарныя зграі. Шпакі паводзяць сябе надзвычай дружна і зладжана, здзіўляючы мясцовых жыхароў незвычайнымі паветранымі піруэтамі.

Арнітолагі адзначаюць, што яднанне ў зграі шпакоў – незвычайна рэдкая з’ява.

Прафесар Ёсі Лешэм (Yossi Leshem), які займаецца вывучэннем міграцыі птушак у Тэль-Авіўскім універсітэце, падкрэсліў, што птушкі сінхранізуюць рух у супольным пошуку ежы. Да таго ж у групе птушкам лягчэй бараніцца ад драпежнікаў, якія звычайна палююць на адзінкавых птушак і рэдка нападаюць на зграі. «Шпакі, адчуваючы пагрозу, могуць рэзка змяняць кірунак руху, што збівае, напрыклад, ястрабаў з панталыку», – скаментаваў навуковец.

Птушыныя аматары кажуць, што за птушынымі «хмарамі» найлепш назіраць у прыцемках, калі шпакі паказваюць сапраўдныя цуды пілатажу, рэзка змяняючы кірункі ды формы сваёй агромністай групы.

{movie}”Хмара” шпакоў у небе над Ізраілем |right|8879{/movie}

Сёлета шпакі масава зімуюць у Ізраілі ўпершыню за 20 гадоў. Дагэтуль яны прыляталі сюды ў вырай з Усходняй Еўропы ў ашаламляльнай колькасці толькі да пачатку 90-х гадоў. З невядомай прычыны колькасць птушак-мігрантаў рэзка скарацілася, таму прылёт шпака быў для рэгіёну даволі рэдкаю з’яваю.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў