Кантраляваны «выпуск пары». Грамадскае абмеркаванне прайшло са скандалам


Як мае выглядаць гістарычны цэнтр Менску праз чатыры гады? Аказалася, архітэктары і мясцовыя жыхары маюць на гэта розныя погляды.

Каго высяляць?

Жыхары прынамсі пяці дамоў на вуліцы Раманаўская Слабада атрымалі паведамленне пра тое, што іхныя дамы ў межах рэканструкцыі гістарычнага цэнтру знясуць. Падчас грамадскага абмеркавання праекту, якое зладзілі 30 студзеня, чыноўнікі запэўнівалі, што пытанне аб адсяленні не стаіць. Адначасова з гэтым ніхто не здолеў патлумачыць, як на практыцы будзе выглядаць запланаваная ў праекце «трансфармацыя» жылых дамоў. Жыхары гэтых будынкаў апасаюцца, што ім пагражае высяленне.

«На першым грамадскім абмеркаванні, калі ў камітэце архітэктуры гэтыя праекты ўпершыню выставілі, адзін з прадстаўнікоў гэтай супольнасці архітэктараў і чыноўнікаў сказаў: зямля ў цэнтры – залатая! Нашая зямля дагледжаная, месціцца ў ціхім цэнтры, і шчыльнасць жылой забудовы невялікая. Таму наш «квадрат» – Ракаўская, Абойная, Раманаўская Слабада – і аказаўся пад ударам гэтай распрацоўкі», – мяркуе Вольга Шыпшук, жыхарка дому на вуліцы Ракаўскай.

«Пробны каменьчык»

З прапанаваных грамадскасці планаў рэканструкцыі вынікае, што ў гістарычным цэнтры будуць збольшага адміністрацыйныя і грамадскія будынкі, а таксама забаўляльныя ўстановы. Нават калі жыхароў старога гораду сапраўды не будуць адсяляць, такія планы іх не задавальняюць.

{movie}Спрэчка падчас грамадскага абмеркавання|right|8877{/movie}

Дыскусія ператварылася літаральна ў скандал: жыхары дамоў, якія прыйшлі на мерапрыемства, відавочна не давяралі таму, што гавораць чыноўнікі. А вось выступы супраціўнікаў прапанаванай рэканструкцыі час ад часу перарываліся апладысментамі.

«Гэткі праект нармальны здаровы чалавек не можа намаляваць, калі няма такой задачы. Чалавеку жыць у такіх умовах немагчыма, – абураецца Уладзімір Іванко, жыхар дому на вуліцы Абойнай. – У нас тут побач кавярня. Апоўначы пачынаецца салют. Літаральна кожны дзень вось ужо цягам дзесяці гадоў».

Чыноўнікі з адміністрацыі Цэнтральнага раёну запэўніваюць, што меркаванні жыхароў будуць улічаныя, маўляў, менавіта дзеля гэтага і арганізоўваюцца такія абмеркаванні. «Асноўная маса пытанняў – ці будуць зносіць гэтыя дамы, ці будуць адсяляць людзей ці не. Замоўца гэтага праекту «Менская спадчына» паведаміў, што ўсе гэтыя пытанні будуць улічаныя. І дамы ў межах гэтага праекту не будуць знесеныя», – гаворыць намеснік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску Дзмітрый Ляшчынскі.

Абмеркаванне, якога не было

Прадстаўнікі адміністрацыі раёну ды камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Менская спадчына», якое распрацоўвала праект, цвердзяць, што прымуць да ўвагі меркаванні жыхароў. Апошнія ў гэта проста не вераць ды мяркуюць, што слуханні былі зладжаныя адное дзеля таго, каб «выпусціць пару» ў абураных.

{movie}Міхаіл Жых пра рэканструкцыю|right|8878{/movie}

Гэта фактычна пацвердзіў Міхаіл Жых, галоўны інжынер «Менскай спадчыны», заявіўшы, што «праектныя прапановы, якія ёсць у гэтым праекце, накіраваныя на тое, каб паглядзець на рэакцыю жыхароў – як яны падрыхтаваныя да трансфармацыі».

«Улады тут і цяпер маюць свае інтарэсы. Гэта добра ілюструе тое, што мы цяпер назіралі. Правядзенне гэтага сходу адбылося з парушэннем абсалютна ўсіх нормаў і правілаў правядзення грамадскіх абмеркаванняў. Не вядзецца пратакол: хто выступаў, якія былі прапановы, якія былі патрабаванні, якія адказы. Вынікаў гэтага сходу фактычна няма і быць не можа. Можна сказаць, што сённяшняга сходу фізічна не было», – гаворыць Юлія Балашэвіч, жыхарка гістарычнага цэнтру, якая брала актыўны ўдзел у абмеркаванні праекта.

Жыхары гістарычнага Менску скардзяцца на недахоп інфармацыі пра рэканструкцыю. А «тлумачальная запіска», што ўтрымлівае 600 старонак, для неспрактыкаваных у архітэктуры грамадзянаў можа быць проста незразумелаю. «Інфармацыя пра гэтыя змены трапіла ў інтэрнэт з невядомых крыніцаў. Толькі дзякуючы таму, што народ пра гэта даведаўся, адбылося гэтае абмеркаванне. Не ведаю, якім будзе вынік гэтага сходу. Хочацца верыць, што да народу прыслухаюцца і нашае меркаванне будзе ўлічанае, – гаворыць Вольга Шыпшук, жыхарка дому на вуліцы Ракаўскай. – Цэнтр – гэта не толькі офісы, паркоўкі ды забаўляльныя ўстановы. Цэнтр – гэта пах булачак ад Ракаўскага хлебазаводу, жылыя кватэры, старыя на лавачцы. Цэнтр Менску – адна з нешматлікіх візітных картак, што засталася ў Беларусі».

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў