«Спадчына літвакоў» у Вільні


У Вільні адкрылі фотавыставу, прысвечаную рэшткам архітэктурнай спадчыны габрэяў Беларусі.

Экспазіцыя паказвае сённяшні стан культавых забудоваў літвакоў – гэтак называлі габрэяў, якія пражывалі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Здымкі зрабілі падчас пільнай даследчай працы апісання сінагог Гарадзенскай і Віцебскай абласцей. Тыя з іх, што не былі разбураныя мэтанакіравана, знішчаюцца часам – гэта частка сакральнай архітэктуры, што знікае найбольш імкліва.

“Спадчына літвакоў – гэта адна са шматлікіх з’яваў нашай гісторыі, што яднае нашыя краіны. Паколькі дагэтуль не існуе адзінага каталогу культавай габрэйскай архітэктуры ў Беларусі, мы вырашылі ўзяцца за яе стварэнне самі, аналагічнай методыкаю, паводле якой мы стваралі каталог сінагог у Літве”, – зазначае дырэктар Габрэйскага цэнтру Альґімантас Ґурэвічус.

У 4 экспедыцыях, якія адбыліся ў межах праекту, бралі ўдзел студэнты Віленскай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту і Гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. На цяперашні момант падрабязна вывучаныя сінагогі Ашмянаў, Слоніму, Даўгінава, Індуры. Па-за тым удзельнікі экспедыцыі агледзелі архітэктуру больш як 50 беларускіх гарадоў і мястэчак.

Фотавыставы паводле вынікаў экспедыцыяў прайшлі ў Літве, Нямеччыне, Украіне і Чэхіі. Прыкра заўважаць, што ў Беларусі ніводнай экспазіцыі або прэзентацыі гэтага праекту яшчэ не адбылося.

Альґімантас Ґуравічус распавядае, што асноўная мэта выставы – стварыць максімальна падрабязныя апісанні сінагог, бо з кожным годам іх канструкцыі ўсё больш знішчаюцца, не кажучы пра кволасць насценных роспісаў ці дэталяў інтэр’еру: “Мы не губляем надзеі, што кожны з гэтых каштоўных аб’ектаў культурнай спадчыны дачакаецца рэканструкцыі, акурат тады нашая праца вельмі спатрэбіцца. Раней на нашых землях пражывала ў дзясяткі разоў больш літвакоў, і пра свае будынкі яны ўмелі паклапаціцца. Аднак затым наступілі змрочныя гады Галакосту, калі сінагогі фактычна цалкам засталіся без гаспадароў”.

У часы нацысцкай акупацыі ў Літве знішчылі больш за 140 тысяч габрэяў, што складае 85–90 % ад даваеннай колькасці. У Беларусі, паводле розных звестак, загінулі 75–80 % прадстаўнікоў габрэйскага народу – ад 600 да 800 тысяч асобаў.

Праект вывучэння сінагог літвакоў зыніцыяваў Габрэйскі цэнтр культуры і інфармацыі пры фінансавым падтрыманні Міністэрства замежных справаў Літоўскай Рэспублікі. Спачатку студэнты пад кіраўніцтвам экспертаў ажыццявілі глабальную працу ў дакументаванні габрэйскіх святыняў у Літве. У 2008 годзе ўзнікла ідэя аналагічных экспедыцыяў у іншай краіне былога ВКЛ – Беларусі.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў