Пажыццёвае зняволенне за ўдушэнне журналіста


Ва Украіне асудзілі былога генерала міліцыі Аляксея Пукача, прызнанага вінаватым у забойстве журналіста Гангадзэ. У турме ён правядзе ўсё жыццё.

Кіеўскі суд прыгаварыў экс-начальніка дэпартаменту вонкавага назірання МУС Украіны Аляксея Пукача за перавышэнне паўнамоцтваў і забойства журналіста Георгія Гангадзэ да пажыццёвага турэмнага тэрміну.

У выраку адзначаецца, што Пукач толькі часткова прызнаў сваю віну: ён не збіраўся забіваць журналіста, хоць і душыў рэменем, каб атрымаць інфармацыю пра шпіёнскую дзейнасць. Пры гэтым былы начальнік дэпартаменту давёў, што загад весці назіранне і забіць Гангадзэ атрымаў асабіста ад тагачаснага міністра ўнутраных справаў Украіны Юрыя Краўчанкі, і прызнаў, што абезгаловіў журналіста і перапахаваў ягонае цела.

Суд жа прыйшоў да высновы, што афіцыйнага задання правесці аператыўна-вышукавыя мерапрыемствы ў дачыненні журналіста не было. І ні Пукач, ні 3 раней асуджаных за забойства Гангадзэ міліцыянтаў не мелі права праводзіць такіх захадаў. Гэтак, настойванне падсуднага на законнасці ягоных дзеянняў – беспадстаўныя.

Украінскага журналіста Георгія Гангадзэ, які пісаў пра карупцыю ў найвышэйшых эшалонах улады, забілі ў 2000 годзе. Следства высветліла, што ў тэлефонных размовах найвышэйшага кіраўніцтва краіны пра неабходнасць ліквідацыі журналіста згадваўся тагачасны прэзідэнт Украіны Леанід Кучма. Выкраданне ажыццяўлялі працаўнікі МУСу пад кіраўніцтвам Аляксея Пукача, які, паводле версіі следства, асабіста задушыў журналіста.

Былога кіраўніка МУСу Юрыя Краўчанку, які нібыта даў Пукачу загад забіць журналіста, знайшлі мёртвым 4 сакавіка 2005 года з 2 агнястрэльнымі раненнямі.

М.Я., паводле “РИА Новости”, newsru.ua

Стужка навінаў