Лукашэнка «парадкуе»: Учора – лекары, сёння – спартоўцы


Няхай спартовыя арганізацыі не разлічваюць заўжды вісець на шыі дзяржавы, заявіў кіраўнік краіны.

Адкрываючы нараду аб захадах дзяржаўнага падтрымання спартовых арганізацыяў, галава ўраду папярэдзіў: «Я не хацеў бы, каб гэтая нарада ператварылася ў чарговае выбіванне грошай для спартовых арганізацыяў, клубаў і спартоўцаў на гэты год ці нейкі найбліжэйшы перыяд. Вось гэта выкіньце адразу з галавы, гэтага не будзе».

Лукашэнка звінаваціў чыноўнікаў ад спорту ў тым, што тыя не дбаюць пра прыцягненне ў гэтую галіну дадатковых пазабюджэтных сродкаў. Згодна са спецыяльным прэзідэнцкім указам, прынятым у траўні 2011 года, мясцовыя ўлады мусілі правяраць, як выкарыстоўваюцца дзяржаўныя грошы ў спорце, а таксама самі павялічваць прыбыткі, даўшы заданні спартовым арганізацыям.

Аднак не ўсе палажэнні ўказу выконваюцца, дадаў Лукашэнка: «Не ўсе клубы сёння гатовыя да самастойнай працы ў справе прыцягнення пазабюджэтных крыніцаў фінансавання. Адсюль складанасці ў развіцці сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базы і ў аказанні дапамогі дзіцяча-юнацкаму спорту». Без гэтага, падкрэсліў лідар краіны, нельга разлічваць на дасягненне вынікаў.

Лукашэнка запатрабаваў дэталёвай справаздачы з дзейнасці кожнай спартовай арганізацыі, падкрэсліўшы, што гэтак званая «сярэдняя тэмпература па бальніцы» яго не цікавіць: «Прыхарашыць агульную карціну за кошт толькі часткі паспяховых і дзейных сёння ўжо не атрымаецца».

Максім Ярашэвіч, паводле БелаПАН

Стужка навінаў