Жыхары Масквы: Беларусь для Расеі – палігон для знішчэння апазіцыі


Расейскія ўлады пакаралі шэраг апазіцыйных лідараў арыштам на тэрмін ад 5 да 15 дзён.

“Беларусь сёння – гэта палігон для знішчэння апазіцыйных і свабодных дэмакратычных сілаў. Спачатку гэта ўсё робіцца ў Беларусі, а потым пераходзіць ужо на Расею. Таму нам – і грамадзянам Расейскай Федэрацыі, і грамадзянам Беларусі – трэба супольна змагацца”, – кажа Мікола Касьянчык, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Маскве.

Шэраг расейскіх апазіцыйных лідараў паводле надуманых абвінавачанняў арыштавалі на тэрмін ад 5 да 15 дзён. З гэтай нагоды ў расейскай сталіцы 17 студзеня адбыўся мітынг мясцовай апазіцыі. Да яго далучыліся і прадстаўнікі беларускай дыяспары.

“Цяпер мы фактычна зноўку жывем у адной краіне. Агульныя праблемы. І там нават расейцаў затрымліваюць, і да нас беларусы прыйшлі. І адбываецца, на маю думку, надзвычай інтэнсіўны абмен досведам паміж кіраўніцтвам Расеі ды Беларусі”, – мяркуе маскоўскі праваабаронца Леў Панамароў.

Гарантыяй дэмакратыі ў Беларусі ўдзельнік руху “Солидарность” масквіч Якуб Шыгідзевіч лічыць дэмакратыю ў Расеі: “Калі будуць дэмакратычныя выбары і замест пуцінскага рэжыму будзе дэмакратыя ў нас у Маскве, то гэтым мы дапаможам і беларусам”, – сказаў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў