Антусевіч: Калі прадаць усе прадпрыемствы, то грошай хопіць толькі для начальства


У Беларусі афіцыйнае беспрацоўе складае 0,5 %. Няшмат людзей згаджаецца зарэгістравацца ў якасці беспрацоўных, бо гэта не прыносіць карысці ды звязанае з пэўнымі дадатковымі абавязкамі на карысць дзяржавы, лічыць прадстаўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу Сяргей Антусевіч.

Паводле госця «Гарачага каментара», грамадзяне Беларусі абіраюць лягчэйшы шлях – працоўную эміграцыю. Тых жа, хто хоча знайсці добрую працу ў Беларусі, чакае расчараванне, бо не ўсе прапанаваныя працоўныя месцы могуць адпавядаць амбіцыям і жыццёваму стандарту некаторых беларусаў.

Сяргей Антусевіч падкрэсліў, што дзейная ў Беларусі кантрактная сістэма фактычна спыніла ўсе праявы крытыкі беларускага начальства з боку кіраўнікоў. «Яна закрыла раты тым, хто мог крытыкаваць кіраўніцтва прадпрыемства і краіны. Кантрактная сістэма бізуном б’е па актыўных людзях», – заўважыў дзеяч.

Паводле прафсаюзнага актывіста, ёсць небяспека, што несправядлівы дэкрэт № 9, згодна з якім работнікі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў не могуць звальняцца самі, можа быць прыменены ў іншых галінах, напрыклад, у сельскай гаспадарцы. «Нават калі працаўнікі самі не рэагуюць, мы мусім «біць у званы» і змагацца з тым, што парушаюцца пэўныя нормы і правы», – скаментаваў госць «Белсату».

Працоўную міграцыю з Беларусі можна спыніць толькі тады, дадаў Сяргей Антусевіч, калі ў краіне запануе свабодная рыначная эканоміка. «Калі такімі спосабамі, як дэкрэт № 9, будзе рэгулявацца ўся эканоміка, то нічога тут не будзе. Можна прадаць усе прадпрыемствы, але гэтых грошай хопіць толькі на кароткі час і толькі для кіроўнай верхавіны», – лічыць прафсаюзны актывіст.

{movie}Сяргей Антусевіч у “Гарачым каментары”. Ч.1 |right|8845{/movie}
{movie}Сяргей Антусевіч у “Гарачым каментары”. Ч. 2 |right|8847{/movie}
Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў