Ірына Халіп напісала заяву з просьбаю выехаць за мяжу


Журналістка падала ў Партызанскае РУУС Менску падпісаную просьбу дазволіць ёй выезд у Вялікую Брытанію і Расею.

«Я прашу дазволіць мне выезд на адзін тыдзень у Вялікабрытанію для сустрэчы з мужам і на адзін тыдзень у Расейскую Федэрацыю для ўдзелу ў рэдакцыйных мерапрыемствах «Новой газеты», у якой я працую», – паведаміла журналістка.

На заяву жанчыны, згодна з законам, улады мусяць даць адказ на працягу 30 сутак.

Ірына Халіп, жонку экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава, які атрымаў палітычны прытулак у Вялікай Брытаніі, прызналі вінаватаю ва ўдзеле ў масавых закалотаў пасля выбараў 19 снежня 2010 года і асудзілі на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкаю выканання пакарання на два гады. Яна не мае права пакідаць Менск, мусіць кожны тыдзень адзначацца ў міліцыі ды быць дома пасля 22:00. Адтэрміноўка заканчваецца сёлета 17 ліпеня, пасля чаго справу Халіп другі раз разгледзяць ў судзе, які вырашыць, вызваліць яе, адправіць у калонію ці пакінуць у тым жа статусе яшчэ на нейкі тэрмін.

Лукашэнка неаднаразова [у інтэрв’ю брытанскім журналістам 9 кастрычніка 2012 года, на прэс-канферэнцыі 15 студзеня 2013 года] казаў пра тое, што Халіп можа выязджаць з краіны, і абяцаў зарганізаваць ёй такую магчымасць. Сама журналістка лічыць, што кіраўніцтва дзяржавы правакуе яе на выезд, каб затрымаць і прысудзіць дадатковы тэрмін.

Згодна з беларускім заканадаўствам, асуджаныя ўмоўна ці з адтэрміноўкаю аўтаматычна ўносяцца ў спіс асобаў, якім забаронены выезд з краіны.

М.Я., паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары