Маці Саннікава пра ягоны ліст: Нават з днём народзінаў не павіншаваў…


Алу Саннікаву здзівіла лаканічнасць ліста, які сын даслаў з “амерыканкі”.

“Канешне я вельмі ўсцешылася! – узгадвае маці зняволенага экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава першую рэакцыю на ліст сына. – Бо такі доўгі час мы нічога не ведалі”. Аднак яе здзівіў вельмі кароткі тэкст: “Што ж ён ні пра што не пытаецца, што ў нас тут дома. Мяне з днём народзінаў не павіншаваў…”

Праўда, у наступным лісце, які атрымала Ала Саннікава, ужо было віншаванне з днём народзінаў і тыповы выраз сына, які ён пісаў з маленства: “Жывы, здаровы. Андрэй”.

Кароткі ліст дайшоў і да бацькоў Наталлі Радзінай: “У мяне усё добра, я здаровая, не хвалюйцеся за мяне, харчаванне дыетычнае, добрае, настрой таксама добры, дзякуй за перадачы. Спадзяюся, што ў вас усё добра. Цалую, абдымаю, Наталля”.

Жонка Уладзіміра Някляева атрымала ліст у ягонай тыповай стылістыцы. Вось некалькі словаў з яго: “Прашу цябе: не туляйся каля турмы – яно без толку. Сцены таўсценныя. Ты без гэтага са мною днём і ўначы”.

“Вельмі падазрона што лісты прышлі ад Саннікава і Радзінай, – заўважыў праваабаронца Валянцін Стэфановіч. – Бо напярэдадні была інфармацыі менавіта пра гэтых двух чалавек, што у іх кепскі стан здароўя і ім патрэбная медыцынская дапамога”.

“Думаю, рэальную інфармацыю пра іх стан мы атрымаем, калі з імі пабачацца адвакаты”, – кажа спадар Стэфановіч і адразу ж адзначае, што апошнія амаль пазбаўленыя магчымасці сустракацца са сваімі падабароннымі сам-насам, хоць права гэтае гарантавана Крымінальным кодэксам.

belsat.eu
https://youtu.be/sZIjxByrJp0
https://youtu.be/-aadPvJJwiY

Глядзі таксама
Каментары