Федаровіч: Беларусь і Расея інтэгруюцца перш за ўсё крымінальна


Чым шчыльней Беларусь супрацоўнічае з Расеяй, тым большая небяспека крыміналізацыі нашай краіны, мяркуе журналіст Віктар Федаровіч.

Унутры Беларусі няма пагрозы ад арганізаванай злачыннасці, бо тут навучыліся з ёю змагацца, падкрэсліў журналіст. Ён згадаў выпадкі, калі ў Беларусі, выйшаўшы з дому, знікалі шмат якія зладзейскія аўтарытэты. Знакавымі ў гэтай сітуацыі Федаровіч лічыць словы Лукашэнкі: «Быў такі выпадак, калі бандыты няправільна сябе павялі. Памятаеце вы гэтых «шчаўлікаў» ды іншых. Дзе яны цяпер? Іх косці даўно згнілі». Прэзідэнт падчас аднаго са сваіх выступаў згадаў гэткім чынам забойства аднаго з крымінальных аўтарытэтаў на мянушку Шчаўлік.

Беспасярэднюю небяспеку для Беларусі ў крымінальным плане стварае інтэграцыя з усходняю суседкаю, лічыць журналіст. «Чым глыбей Беларусь і Расея будуць інтэгравацца на эканамічным ці палітычным узроўні, тым больш будзе нарастаць напружанасць з боку прафесійнага крыміналу», – падкрэсліў знаўца.

{movie}Федаровіч: Крымінальная небяспека – з боку Расеі |right|8821{/movie}

Менавіта таму, на думку журналіста, мафіёзнікі выязджаюць з Беларусі, каб схавацца ў нашмат большай Расеі. Адна з тэндэнцыяў у асяроддзі крымінальнікаў, заўважыў Федаровіч, – дэкрыміналізацыя капіталу. Адмысловец успомніў тут асобу «злодзея ў законе» Льва Эпштэйна на мянушку Бяльмо, які забяспечыў сваіх нашчадкаў вялізнаю сумаю грошай. Цяпер ягоныя нашчадкі валодаюць сеткаю рэстаранаў у Менску, і яны – законапаслухмяныя грамадзяне.

У Беларусі, паводле Федаровіча, пераважаюць мафіёзнікі, якія варагуюць з кланам забітага нядаўна Дзеда Хасана. Лідар сярод іх – нарадзінец Гомля Аляксандр Бор-Цімашэнка на мянушку Цімоха, які цяпер мае расейскае грамадзянства. На арганізаванай ім сходцы крымінальнікаў у Падмаскоўі мелася адбыцца «каранацыя» беларускіх «злодзеяў у законе».

Бор-Цімашэнка, паводле журналіста, вельмі цікавы «персанаж» крымінальнага свету. Ён уваходзіць у гэтак званае «брацкае кола» людзей з 10–12 асобаў, якія, паводле ўладаў ЗША, могуць пагражаць амерыканскай нацыянальнай бяспецы. «Для беларускага крымінальнага свету ён вялікі аўтарытэт. З яго падачы адбываецца каранацыя беларускіх кандыдатаў на «злодзеяў у законе», – падкрэсліў Федаровіч.

{movie}”Злодзей у законе” Цімоха – Аляксандр Бор-Цімашэнка|right|8820{/movie}

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў