Янукевіч: Калі зацягнем абранне «адзінага», то на прэзідэнцкіх выбарах ён набярэ 20–25 %


Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў пра «пэўную заклапочанасць» справаю абрання адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары–2015.

«Не ўсе арганізацыі думаюць, што з працэдураю абрання кандыдата трэба вызначыцца найбліжэйшым часам, – лічаць за лепшае адкласці гэтае пытанне на перыяд пасля мясцовых выбараў 2014 года», – паведаміў Янукевіч. У той жа час ён адзначыў, што ў такіх структурах, як Партыя БНФ, рух «За свабоду» і кампанія ««Гавары праўду», ёсць супольнае разуменне шэрагу пытанняў. Сярод іх – аднолькавае ўсведамленне неабходнасці дыялогу, непазбежнасці кампрамісу, а таксама прыярытэтнасць абрання «адзінага» перад выстаўленнем шэрагу кандыдатаў.

Янукевіч лічыць, што абраць адзінага кандыдата неабходна прынамсі да канца гэтага – пачатку наступнага года. «Калі перанесці вырашэнне гэтага пытання на час пасля мясцовых выбараў, то адзіны кандыдат не зможа вырашаць сур’ёзныя пытанні да прэзідэнцкіх выбараў, а гэты крок стане проста ягонаю раскруткаю на перспектыву. Гэтак, такі адзіны кандыдат зможа набраць 20–25 %, што нядрэнна, але праблемы гэта не вырашае», – мяркуе старшыня БНФ.

Лідар партыі лічыць, што аптымальнаю працэдураю абрання адзінага кандыдата магло б стаць правядзенне кангрэсу дэмакратычных сілаў. «У гэтай працэдуры павінны браць удзел палітычна актыўныя людзі, якія сталі б працаваць у камандзе адзінага кандыдата. Правядзенне кангрэсу – жывая працэдура, якая прадэманстравала б грамадскую наяўнасць у кандыдата моцнай каманды», – адзначыў палітык.

Пры гэтым спосаб вызначэння адзінага кандыдата праз правядзенне праймарыз, які прапаноўвае Аб’яднаная грамадзянская партыя, Янукевіч назваў утапічным. «Гэтую працэдуру нельга ажыццявіць. Пра яе шмат гаварылася перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года, але яе ажыццявіць не ўдалося нават у адным раёне. Мне б хацелася рэальна пачуць, як на практыцы правесці праймарыз у Беларусі», – падкрэсліў Янукевіч.

М.Я., паводле БелаПАН

Стужка навінаў