У Менску людзі навучыліся купацца ў гуках


З нядаўняга часу ў Менску адбываюцца гукавыя сесіі, скіраваныя на аднаўленне пачуцця гармоніі, спакою і нават раскрыццё творчасці. Сеансы гукатэрапіі дазваляюць адпачыць ад штодзённых турботаў, гарадскога шуму ды перманентнага стрэсу.

Жыватворчыя вібрацыі ды абертоны нараджаюцца з дапамогаю гарлавых спеваў і каля дзясятка інструментаў розных відаў, сярод якіх гонгі, ракаўкі, тыбецкія чашы, сансула і шруці. Арганізатары называюць сеансы ні больш ні менш “лекаваннем праз гук”. Навука даказала: сілаю гуку можна нават забіць, але можна і вылечыць.

У сучасным гарадскім жыцці слых людзей няшчадна эксплуатуецца. Мы чуем зашмат “цяжкіх”, дысгарманічных гукаў і замала тых, якія ўплываюць на арганізм станоўча. Менавіта гукатэрапія ўзбагачае слых гарадскога чалавека пазітыўнымі вібрацыямі. Іх гаючы эфект базуецца на разнастайным частотным ваганні, якое рэзануе з асобнымі органамі, сістэмамі ды ўвогуле арганізмам чалавека.

{movie}У Менску людзі “купаюцца” ў гуках |right|8810{/movie}

Сеансы гарманізацыі праз слых ладзіць Андрэй Сутугінас (Andrej Sutuginas), гукатэрапеўт з Літвы, заснавальнік Тэатру гуку. На ягоную думку, на сесію няварта прыходзіць у якасці адно гледача: “Нашая сустрэча не скіраваная да вонкавага ўспрымання. Гэта не шоу, не канцэрт і не перформанс. “Купанне ў гонгу” – гэта фон і стымуляцыя да спазнавання самога сябе, заспакаення, разважання. Шмат хто захоўвае эфект ад тэрапіі на дзень ці нават тыдзень, таму вяртаюцца на сеансы зноў і зноў”.

Для поўнай рэлаксацыі арганізатары рэкамендуюць удзельнікам прыхапіць з сабою дыванкі або спальныя мяхі, расслабіцца, заплюшчыць вочы і адагнаць ад сябе мітуслівыя думкі.

Найбліжэйшае “Купанне ў гонгу” адбудзецца ў Менску ў гэтую нядзелю, 27 студзеня, на адрасе: вул. Варанянскага, 50/4. Пачатак а 17:30.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў