Паліцыя спыніла сустрэчу беларускіх і расейскіх мафіёзнікаў у адным з рэстаранаў Падмаскоўя, на якой мелася абмяркоўвацца будучыня крымінальнага асяроддзя пасля забойства лідара варожай крымінальнай групоўкі Аслана Усаяна на мянушку Дзед Хасан.
Усяго арыштавалі 23 удзельнікаў спаткання, якое праходзіла ў паселішчы Ніколіна Гара ў Адзінцоўскім раёне. Аперацыю праводзілі працаўнікі галоўнага ўпраўлення МУС Расеі па Цэнтральнай федэральнай акрузе.
Паводле звестак МУС, на сустрэчы пад выглядам святкавання дня народзінаў аднаго са “зладзейскіх генералаў” мусіла развязацца пытанне аб “каранацыі” некалькіх новых бандыцкіх лідараў. На статус злодзея ў законе прэтэндавалі тры крымінальныя аўтарытэты з Беларусі, гаворыцца ў паведамленні ведамства. Сярод прысутных на сходцы былі таксама даўно прызнаныя ў крымінальным свеце беларусы: гамяльчук Аляксандр Мядзведзеў на мянушку “Медвежонок”, мянчук Павел Алексяевіч, ён жа Паша Паштэт, а таксама нарадзінец Гомля Аляксандр Бор-Цімашэнка на мянушку Цімоха (ён жа Бульбаш або Саша Гомельскі).
На зладзейскай сходцы планавалася таксама абмеркаваць далейшыя дзеянні пасля нядаўняга забойства кіраўніка клану бандытаў-канкурэнтаў Аслана Усаяна і скаардынаваць працу злачынных груповак.
Падчас затрымання ў аднаго з лідараў крымінальнага свету з Менску, Паўла Алексяевіча, выявілі 1,5 г какаіну.
У канцы мінулага года ў Расеі затрымалі ды дэпартавалі ў Беларусь яшчэ аднаго «злодзея ў законе» – Аляксандра Кушнярова, больш вядомага ў крымінальным асяроддзя як Саша Беларус або Саша Кушнер.
{movie}”Злодзей у законе” Цімоха – Аляксандр Бор-Цімашэнка|right|8807{/movie}
{movie}”Злодзей у законе” Саша Беларус – Аляксандр Кушняроў|right|8808{/movie}
Максім Ярашэвіч, паводле cfo.mvd.ru