Адкуль увага ўладаў да апазіцыйных інтэрнэт-рэсурсаў?


Уплывовым сродкам масавай інфармацыі ў Беларусі па-ранейшаму застаецца тэлебачанне. Пра ролю сеціва ў беларускай медыйнай прасторы разважаюць у «Гарачым каментары» палітолаг Павел Усаў і заснавальнік парталу «Tut.by» Юрый Зісер.

Беларусы не вельмі цікавяцца палітыкаю, а інфармацыю атрымліваюць найперш з дзяржаўнага тэлебачання, мяркуюць эксперты. Адкуль тады імкненне беларускага кіраўніцтва «задушыць» усе праявы незалежнага мыслення ў сеціве? Павышаная ўвага да апазіцыйных інтэрнэт-рэсурсаў з боку ўладаў Беларусі вынікае з логікі любога недэмакратычнага рэжыму: у як мага большай ступені засцерагчы сябе ад унутраных і вонкавых выклікаў, падкрэсліў Павел Усаў.

{movie}Павел Усаў і Юрый Зісер у “Гарачым каментары” |right|8792{/movie}

«Апазіцыя ў інтэрнэце разбурае тую карцінку, якую намагаецца накрэсліць беларуская афіцыйная прапаганда: у Беларусі развітая дэмакратыя, няма палітычных зняволеных і няма ніякага эканамічнага крызісу», – звярнуў увагу палітолаг. На ягоную думку, сеціва мае ўплыў на грамадскую свядомасць, прычым з інтэрнэту ў першую чаргу карыстаецца менавіта электарат апазіцыйны.

Паводле заснавальніка парталу «Tut.by» Юрыя Зісера сёння інтэрнэт – вольнае асяроддзе, дзе можна выказваць любыя меркаванні. Рэйтынгі інтэрнэт-сайтаў супастаўляльныя з рэйтынгамі тэлеканалаў і даўно абагналі па папулярнасці радыё. Інтэрнэт-знаўца падкрэсліў, што наведвальнасць свабодных рэсурсаў застаецца недастатковаю. Паводле Юрыя Зісера, за апошнія 2 гады амаль напалову ўпала наведвальнасць, бо пасля 19 снежня 2010 года і дэвальвацыі грамадскае жыццё ў Беларусі – у стане «накаўту» і застою. «Інтэрнэт – не дэмакратызатар у гэтым выпадку», – падкрэсліў госць «Гарачага каментара».

Абодва адмыслоўцы ўпэўненыя, што інфармацыйная будучыня за інтэрнэтам. Яны падкрэслілі, што сеціва немагчыма рэгуляваць і кантраляваць з тэхнічнага пункту гледжання. «Калі рэжым захоча кантраляваць ўсё, то яму спатрэбіцца зачыніць краіну і ператварыць яе ў Паўночную Карэю, што на сёння немагчымае», – лічыць Павел Усаў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў