Не стаць рабом: Спраўдзі працадаўцу на сайце МУС


Як падрыхтавацца да выезду на працу за мяжу, каб не паўтарыць лёс беларускіх будаўнікоў у Дагестане?

Каардынатарка ратаўнічага атраду «Лиза Алерт» Наталля Бортнік раіць перад выездам спраўдзіць працадаўцу на сайце МУС Беларусі. Там змешчаны спіс фірмаў, якія маюць ліцэнзію на тое, каб уладкоўваць на працу за мяжою. Варта зрабіць копіі, у тым ліку і электронныя, пашпарту і патрэбных дакументаў. Выпішыце таксама кантакты амбасад і консульстваў Беларусі ў той краіне, куды едзеце, і Чырвонага Крыжа. Сваякам і знаёмым пакіньце адрасы і тэлефоны працадаўцаў і пасярэднікаў. Варта таксама пачытаць парады на сайце праграмы «Ла Страда» ў Беларусі або патэлефанаваць на яе гарачую лінію.

Сваякі зніклых не мусяць чакаць дзень, тыдзень або месяц, каб напісаць заяву ў міліцыю. Гэта трэба рабіць адразу, калі знікла сувязь, гаворыць Наталля Бортнік. Прычым не важна, адбылося гэта ў Беларусі ці за мяжою. Шмат няшчасных выпадкаў, як вядома, здараецца з грыбнікамі. Можна патэлефанаваць у бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў і ў пошукавыя атрады. Паводле Наталлі Бортнік, выпадак з Дагестанам у іхнай практыцы – першы: «Часцей людзі або не думаюць, што іх шукаюць, або няшчасныя выпадкі адбываюцца». Бывалі выпадкі, калі людзі не хацелі, каб іх шукалі, дадае яна.

{movie}Наталля Бортнік у “Гарачым каментары”|right|8791{/movie}Атрад рэгіструе некалькі зваротаў штомесяц, але статыстыкі не вядзе. Часцей за ўсё фігуруюць Масква і Смаленская вобласць, бо туды нашыя землякі выязджаюць найчасцей. Ёсць людзі, пошукі якіх вядуцца гадамі.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў