Дзяўчынка выжыла пад коламі фуры


Дзіця ляжала на заднім сядзенні легкавіка, які вынесла на сустрэчную паласу, дзе ён сутыкнуўся з аўтацягніком.

Аварыя здарылася ля Ніжняга Ноўгараду. Ад удару дзяўчо выпала на магістраль – кіроўца наступнай фуры праехаў літаральна за некалькі сантыметраў ад яе, паспеўшы вывернуць машыну ўправа. За стырном легкавіка быў бацька дзіцяці, ён адразу ж выбег з машыны і падхапіў дачку на рукі. Гэтае ДТЗ зафіксаваў на рэгістратар адзін з відавочцаў, піша «Life News Online» . Дзяўчынку адразу ж адвезлі ў бліжэйшы шпіталь, лекары пацвердзілі: сур’ёзных траўмаў няма. Дарослыя не пацярпелі.

Сям’я ехала ў кірунку Масквы з Чувашыі, бацька дзіцяці мае 15 гадоў стажу кіроўцы. Як паведамілі ва Упраўленні дзяржінспекцыі бяспекі дарожнага руху па Ніжнягародскай вобласці, ён сам і справакаваў аварыю, калі пайшоў на абгон на ўчастку, дзе гэта забаронена. Дарога была вельмі слізкая.

{movie}Расея: дзяўчынка выжыла пад коламі фуры|right|8787{/movie}Бацька пацярпелай дзяўчынкі цалкам прызнае сваю віну, аднак сцвярджае, што парушыў правілы дарожнага руху ненаўмысна: «Я вырашыў абагнаць грузавы транспарт. У прыцемках вельмі дрэнна відаць дарогу. Перарывістая лінія разметкі адразу перайшла ў суцэльную, якую я не паспеў заўважыць. Не паспеў заўважыць і не справіўся з кіраваннем», – цытуе яго інтэрнэт-газета «Вести».

Бацькам дзяўчынкі пагражае штраф за тое, што дачка не была падчас паездкі ў дзіцячым крэсле, цяпер ён складае RUB 500 (каля Br 150 тыс.). Яны сказалі, што зазвычай перавозяць дзіця менавіта ў такім крэсле, аднак гэтым разам зрабілі выключэнне – дачка хацела спаць.

Паўліна Калтавічанка, belsat.eu

Стужка навінаў